ад таго, што лiчыў за лепшае адкусiць язык, нiж сказаць хоць слова. Бамбiза ўвесь час паўтараў, што трапiў сюды праз памылку. Яго звалi Дзюпаншэль. Мухi павесялелi - цяпер у iх стайнi было ажно тры канi.
- Ну i смярдзiць жа тут, - казаў Жазэф, - проста жах, як смярдзiць!
'Праз памылку? Якую такую памылку? Калi ты патрыёт, памылкi быць немагчыма'.
У такiм месцы, як гэта, хутка страчваеш лiк дням i начам. Мiса ледзь цёплай вады, якую яны называюць 'суп', кавалак хлеба, што трэба расцягваць аж на два днi, прыборка парашы - усё гэта не надта займае час. Але патроху размова наладзiлася. Хоць усё па-ранейшаму гаварылася с асцярогай: праз качку. Жазэф быў электрык, Дзюпаншэль - памагаты ў мяснiка. У першага вязня не ўдалося выведаць нават гэтага. Гаварыў ён, як пан. Але было нават смешна ўявiць, каб гэты нябога з абдзертаю скураю, аблеплены мухамi, мог быць на волi панам. Гэта быў светлы шатэн, гадоў каля сарака. Тонкiя вусны, таўсматая шыя. Ён аброс нейкай плямiстай, пярэстаю барадой. Гэтым ранкам з яго знялi наручнiкi. Вiдаць, на пэўны час яны пакiнулi надзею нешта з яго выцягнуць.
Такую надзею былi вымушаны пакiнуць i Жазэф з Дзюпаншэлем, бо першы адно пацiраў свае набраклыя запясцi i з лютым выглядам паўтараў: 'Я нiчога iм не сказаў... я нiчога iм не сказаў...' Сваiм суседзям па камеры ён таксама не сказаў нiчога - апроч таго, што завуць яго Андрэ Мэнар.
Усе ўтрох казалi, што iх узялi за палiтыку. Можа, гэта i магло б быць падставай, каб не апасацца адзiн аднаго. Але хто ж яго ведае?
Тым больш што Дзюпаншэль, ледзь не адразу, як яго прывялi, заявiў:
- Я б апошнi свой грош аддаў, каб даведацца, што яны зрабiлi з маёрам Арно.
Калье быў стрэляны верабей: у яго групоўцы ведалi, што маёр Арно, арыштаваны тры тыднi назад, быў акруговым начальнiкам падпольнага войска. Але ён прыкiнуўся дурнем i папрасiў растлумачыць яму ўсё гэта яшчэ раз. Трэцяга вязня, Мэнара, гэтая размова, здаецца, зусiм не цiкавiла, яму ставала клопату са сваiмi пiсягамi. 'Чортава качка! Надта проста бярэш!'
Са старэйшым вязнем Калье быў вельмi ласкавы, вельмi ўважлiвы. А даўгалыгi бамбiза, дык той наступаў на ногi, нiбы вочы заплюшчыўшы. Было б няблага даведацца, да якiх арганiзацый яны належаць. Жазэф, нiбыта iндзеец з племенi сiў, самымi дзiвотнымi выкрутамi стараўся вывудзiць хоць маленькую звестку. Але побач была качка. Дый хто яго ведае, можа, i сам Жазэф... Аднойчы ён сказаў:
- Хоць бы хутчэй яны там варушылiся! Прызначылi б свайго адваката, цi што. Сам усё адно цяпер не выбераш...
I якраз назаўтра Дзюпаншэля паклiкаў яго адвакат.
- Ну i шэнцiць табе! - пазайздросцiў Жазэф.
- Ды ну - шэнцiць, - азваўся той. - Я ж таксама не выбiраў.
Пакуль Дзюпаншэля не было, Жазэф паведамiў Мэнару:
- Не такi ён дурны... Так i гэтак - увесь час намякае, што ён, маўляў, з партыi... Думае, я не бачу, што проста ўбiваецца ў ласку...
Мэнар нiчога не адказаў. Ён думаў, што качка хутчэй за ўсё - той даўгалыгi... Але ж i Жазэф... Можа, якраз ён i хоча даведацца... Той як пачуў:
- А я свайго адваката яшчэ нават не бачыў... Мяне дагэтуль трымалi ў адзiночцы.
Што ж, добрая атэстацыя для Жазэфа; лепшай, бадай, i не трэба.
Праз чатыры цi пяць дзён бамбiза - качка ён быў цi не качка - раптам захварэў. Гэтыя здаравякi ўсе толькi з выгляду здаюцца асiлкамi, а так, як зiрнеш - далiбог, нейкiя недалужныя! Рэжым у тутэйшай установе, трэба думаць, зусiм яму не падыходзiў. Небараку так скруцiла жывот, што ўвесь час ён толькi i сядзеў на парашы. Ужо Жазэф яму гэтага не спускаў. Дый як жыць у турме без жартаў.
З медычнага агляду, якi рабiўся кожныя тры днi (бо ў турме хоць i было ўсяго тысяча дзвесце вязняў, але з iх добрая тысяча - хворыя), Дзюпаншэль вярнуўся не ў гуморы. Ён асмелiўся расказаць доктару пра Мэнара, якi сам не мог пайсцi на агляд, але той адказаў, што не збiраецца турбавацца iндывiдуальна пра кожнага вязня, з якiм абышлiся не надта ласкава, - iначай гэтаму канца не будзе.
Жазэф накутаваў ад каросты; ад такой задушлiвай спёкi i нястачы паветра ў цеснай смярдзючай камеры нярэдка здаралася, што ўранку некаму з iх рабiлася блага.
Аднойчы, калi Дзюпаншэль зноў быў у свайго адваката, Жазэф заявiў, што той, хто са скуры вылузваецца, каб нешта даказаць, якраз нiчога i не дакажа. Нашто ўсё гэтае ўпартае дбанне? Каб прыцягнуць да iх увагу? Дзеля чаго? Адвакаты, лекары... усе гэтыя шпегi! Тое самае ён паўтарыў i качцы, калi той, вельмi горды за сябе, паведамiў, што яму ўдалося зацiкавiць абаронцу сваiм лёсам i агiдным рэжымам у турме.
- Абаронцу! Мо ў цябе якой клёпкi няма? Чаму ж ты, калi з iм гаворыш, не называеш яго сваёй мамкай?
Г-эх! Каб можна было мець перадачу! Усе думкi былi пра яе, чаго б толькi яны не аддалi хоць за самую малую крышку тытуню! У першыя днi пасля арышту Мэнару яшчэ паспелi зрабiць адну перадачу, але гэта было так даўно.
- Мы ж маем на гэта права! - казаў Дзюпаншэль.
- Слухай, не смяшы ты мяне са сваiмi правамi, - не стрымаўся Жазэф. - Маем права, не маем права... Калi яны перадаюць табе пасылку, ты iм павiнен падзякаваць, i справе канец!
Яны прагнулi перадачы, прагнулi тытуню. А бачылi адно саламяную пацяруху з турэмных сеннiкоў.
Калi аднойчы ў незвычайны час дзверы ў камеру адчынiлiся i ўвайшоў наглядчык, не кiрпаты, а iншы, з жоўтым, як рэпа, тварам - iнспекцыя! - а за iм нейкi худы i доўгi, як палка, тып, што без дай прычыны чухаў свой нос, нiчога добрага яны ад гэтага не чакалi. I тым больш было дзiўна, калi гэты здаравяк раптам узлаваўся, прычым невядома на каго, i наглядчыку гэта было зразумела не болей за iншых. Ён узяў Жазэфа за руку i пачаў рассоўваць яму пальцы:
- Ды ў гэтага тыпа кароста!.. I ў гэтага таксама...
Зусiм збiты з панталыку Дзюпаншэль казаў, што ў яго балiць жывот.
- А я вам кажу, што ў вас кароста!
Добра, добра. Няхай будзе кароста, калi яму так падабаецца. Зганяючы мух, доктар - а гэта ж быў доктар! - схiлiўся над трэцiм вязнем.
- Ганьба! - сказаў ён. - Ганьба!
Ён гаварыў гэтае слова крыху незвычайна, вымаўляючы 'г' адначасова i выбухова i мякка: 'К-ханьба'.
Гэта асаблiва ўразiла Жазэфа. Наглядчык спрабаваў быў растлумачыць, што ўсё гэта - праз гэтых вашывых нягоднiкаў: iх проста немагчыма прымусiць як след прыбiраць у камеры...
О-го-го! Ну ўжо i даў ён дыхту гэтай паранай рэпе!
- Змоўкнiце! К-ханьба! Каб француз так абыходзiўся з французамi!
Яго гнеўны голас аддаляўся па калiдоры. А Жазэф у камеры ўжо цвялiўся:
- К-ханьба! К-ханьба!
Тым часам у той жа дзень усiх трох вязняў перавезлi пад вартай у дрыготкай закрытай машыне ў шпiталь на ўзгорку, дзе быў арганiзаваны спецыяльны лазарэт, бо ў турэмным i так ужо не было дзе павярнуцца. Дзiўнае пачуццё - ехаць з турмы ў лазарэт праз увесь гэты неспакойны i насцярожаны горад, дзе яны жылi некалi вольна, удзельнiчалi ў барацьбе, што iдзе i цяпер - без iх.
Раней гэта была прыватная клiнiка, не надта сучасная - з вялiкiмi пакоямi, невысокiмi столямi. Да вайны ў ёй лячылi рабочых з суседнiх заводаў i фабрык: сацыяльнае забеспячэнне, як гэта ў iх называлася... Цяпер, калi шпiталь зрабiўся часткай турмы, у iм дзiўна перамяшалiся медычны персанал i турэмная варта. Па начах тут заўжды гарэлi блакiтныя лямпачкi, i хворыя прачыналiся, адно каб зiрнуць на iх кволы бляск пасля непрагляднай турэмнай цемры.
Той самы доктар, якi паслаў iх сюды, рабiў агляды i ў клiнiцы. Усе ўтрох яны ляжалi побач на суседнiх ложках. Жазэф ужо добра здружыўся з 'панам', як ён яго называў, але той па-ранейшаму быў негаваркi. Абодва яны ўсё яшчэ асцерагалiся качкi. Тым болей што аднойчы, пасля чарговых працэдур, той запытаўся, перагнуўшыся з ложка:
- Слухай, Жазэф, ты не чуў, што там кажуць пра маёра Арно? Здаецца, яны яго зусiм ужо закатавалi...
Але дзе ж гэта было, каб вязня трымалi ў шпiтальным ложку адно праз нейкую каросту! Аднойчы, калi галоўная медсястра паспрабавала сказаць пра гэта доктару, той паслаў яе вельмi далёка. Слаўны ён