- Ды нiчога. Толькi тое, што я нiчым не звязаны i ў мяне застаюцца мае свiннi, а ў вас - вашае цудоўнае каралеўства, - растлумачыў Эльфiн i ў думках дадаў: 'I цмок'.
Прынц пайшоў, а Эльфiн са сваiмi чорнымi свiннямi, якiх было роўна семдзесят пяць, застаўся каля вогнiшча.
Прынц вярнуўся ў палац пасярэдзiне ночы, але, нягледзячы на гэта, загадаў неадкладна склiкаць Парламент i ўрачыста абвясцiў пра сваю перамогу над лютым цмокам. Мiнiстры пачалi наўзахваткi хвалiць смеласць i розум свайго гаспадара, хоць мала хто сапраўды паверыў яму. Але нiводзiн Мiнiстр не насмелiўся паказаць свайго недаверу, бо ўсiм быў вядомы злосны i помслiвы Прынцаў нораў.
Першы Мiнiстр урачыста запячатаў бiклагу з цмокам Саламонаваю пячаткай i сам занёс яе ў скарбнiцу, у якой былi мядзяныя сцены таўшчынёю аж на два метры.
Бiклагу асцярожна паклалi памiж мяхамi, поўнымi золата. I на ўсю ноч пакiнулi ў скарбнiцы малодшага пiсара малодшага сакратара малодшага Лорда Скарбнiка, каб той вартаваў бiклагу.
Малодшы пiсар нiколi ў жыццi цмокаў не сустракаў (хiба што ў дзiцячых казках), дый не надта ён верыў, што Прынц сапраўды захапiў цмока, бо Абрыдак нiколi не быў надта сумленны i мог прынесцi проста пустую пляшку. I таму гэты сакратар нават парадаваўся такому, на першы погляд, страшнаму даручэнню i ў добрым гуморы застаўся ў скарбнiцы. Яму аддалi ключ, - i калi горад зноўку заснуў, ён паклiкаў да сябе ў скарбнiцу некалькi сваiх сяброў, малодшых пiсараў iншых лордаў. Яны пачалi весела гуляць у хованкi сярод мяхоў з золатам, потым у каменьчыкi, падкiдваючы дыяменты, смарагды ды перлы, якiя ляжалi ў вялiзных куфрах з разной слановае косткi. Моладзь забаўлялася... А ў мядзянае скарбнiцы рабiлася неўпрыкмет усё гарачэй i гарачэй. I раптам сама малодшы пiсар закрычаў:
- Глядзiце! Глядзiце на бiклагу!!!
Запячатаная Саламонаваю пячаткай бiклажка павялiчылася ўтрая i аж пачырванела ад жару!
Паветра ў скарбнiцы зусiм распалiлася, а бiклага ўсё расла i расла. I тады пiсары неяк усе адразу вырашылi, што пара, вiдаць, даваць цягу. I спатыкаючыся аб мяхi i куфры, кiнулiся да выхаду.
Ледзь толькi апошнi паспеў вылецець за вароты i навесiць замок, як бiклага разляцелася на кавалкi, i на яе месцы ў скарбнiцы ўзнiк люты цмок. Кожную хвiлiну ён павялiчваўся ў некалькi разоў, пакуль не зрабiўся велiчынёю ажно з цэлую гару.
Тады ён без разбору пачаў глытаць усе Прынцавы каштоўнасцi - золата, дыяменты, рубiны, смарагды, перлы. Яму ўсё было аднолькава даспадобы. За час сняданку цмок знiшчыў усё Прынцава багацце.
I калi а дзесятай гадзiне Прынц выправiўся на шпацыр, дык быў вельмi непрыемна ўражаны, убачыўшы цмока, якi спрабаваў пралезцi праз паламаную браму скарбнiцы. Брыдка было глядзець, як з яго жудаснай пашчы па тоўстым пузе цячэ расплаўленае золата.
Прынц задаў дзёру. Яшчэ нiколi ў жыццi яму не даводзiлася так бегчы. Але ж ён ратаваў жыццё, якое вельмi любiў. А бег ён да цмокатрывалай вежы, дзе жыла Сабрынэта.
Маленькая Прынцэса, убачыўшы Абрыдка, кiнулася па сходах унiз, хуценька ўпусцiла яго ў вежу i з трэскам зачынiла дзверы якраз перад гiдкаю цмокавай пысай.
Цмок сеў пад дзвярыма i зарумзаў, - яму вельмi хацелася з'есцi Прынца.
А Сабрынэта правяла Прынца ў найлепшы пакой у вежы, заслала стол найлепшым абрусам, а ён быў белы-белы i яго вышывала золатам яшчэ яе мацi - i пачала частаваць яго. Сабрынэта прынесла свежы белы хлеб i белы вiнаград, узбiтыя вяршкi i шмат чаго iншага смачнага i добра прыгатаванага. Яна прыняла Абрыдка як магла ветлiва, быццам гэта быў не злосны Прынц, якi забраў сабе яе каралеўства, а нехта зусiм iншы. Але дзiўнага тут нiчога няма, бо Сабрынэта была сапраўдная Прынцэса i сэрца ў яе было з чыстага золата.
Калi ж Прынц наеўся ды напiўся, дык папрасiў Прынцэсу паказаць, як адчыняюцца i зачыняюцца ў вежы дзверы. Мамка спала i нiчога не чула, i таму нiхто не мог забаранiць Прынцэсе адкрыць такому злыдню гэтую таямнiцу.
Прынцэса ўсё расказала.
- Трэба павярнуць ключ вось так, - тлумачыла яна, - але дзверы тады яшчэ не адчыняцца. Але калi потым павярнуць ключ дзевяць разоў назад, дзверы адчыняцца.
Так i здарылася. А як толькi дзверы адчынiлiся, Прынц выпхнуў гаспадыню з вежы (гэтак жа, як выпхнуў яе з каралеўства) i хуценька зачынiў дзверы ў яе за спiнай. Адзiная ў каралеўстве цмокатрывалая вежа павiнна была належаць толькi яму!
Прынцэса апынулася на вулiцы якраз побач з цмокам, якi ўсё яшчэ румзаў. Але цмок не звярнуў на яе ўвагi, бо нiводзiн цмок, нават сама люты, не можа дакранацца да бялюткiх Прынцэс, у якiх сэрца з чыстага золата (але гэтага не ведала нават старая мамка).
Прынцэса была выхаваная вельмi добра i ведала, што выходзiць у горад без капялюшыка i пальчатак, асаблiва калi на табе такая чароўная ядвабная сукенка з вышыванымi стакроткамi, непрыстойна. Сапраўдная лэдзi не магла сабе гэтага дазволiць. I таму яна пайшла не да горада, а зусiм у iншы бок, рушыўшы праз поплаў да лесу.
Сабрынэта яшчэ нiколi не выходзiла са сваёй вежы, бо мамка ёй гэтага не дазваляла, i калi яна ступiла на мяккую мурожыстую траву, яна адчула проста райскую асалоду. Але доўга захапляцца часу ў яе не было, i яна хутчэй пабегла хавацца ў лясны гушчар, бо не ведала, што ў яе залатое сэрца, i таму, вядома, як сама звычайная дзяўчынка, вельмi спалохалася цмока.
У лесе, у невялiчкiм логу, яна натрапiла на Эльфiна i на семдзесят пяць ягоных прыгожых чорных свiнак. Эльфiн iграў на флейце, а свiнкi кружылi i танчылi на заднiх нагах.
- Калi ласка, - сказала Прынцэса, - паклапацiцеся пра мяне, мне вельмi страшна.
- Добра, - адказаў Эльфiн i абняў яе. - Вось. Цяпер вам няма чаго баяцца. А хто пасмеў вас так напалохаць?
- Цмок, - ледзь чутна шапнула яна.
- Ага, дык ён такi вылез са срэбнай бiклагi! - сказаў Эльфiн. - Спадзяюся, ён з'еў гэтага брыдзюка - Прынца.
- Не, Прынцу цяпер нiчога не пагражае, - цяжка ўздыхнула Прынцэса. - А чаму вы так яго называеце?
Тады Эльфiн расказаў ёй пра сустрэчу з Прынцам i пра тое, як Прынц злосна падмануў яго.
- Ён абяцаў мне палову каралеўства i сваю кузiну ў жонкi!
- Божа мой! Якi сорам! - абурана крыкнула Прынцэса i паспрабавала вызвалiцца з ягоных абдымкаў. - Як ён пасмеў!
- Што здарылася? - спытаў Эльфiн i абняў яе яшчэ мацней. - Яму сапраўды павiнна было б быць сорамна, прынамсi, мне так здавалася. Але цяпер, цяпер няхай яму застаецца ўсё яго каралеўства, абы мне засталося тое, што мне даражэй за ўсё на свеце!
- Вы гэта пра што? - спытала Прынцэса.
- Пра што? Не пра што, а пра каго! Пра цябе, пра каго ж яшчэ?! Бо ты - мая прыгажуня, маё яснае сонейка! - усхвалявана пачаў тлумачыць Эльфiн. - А што да Прынцэсы, ягонай кузiны, - дык ты ўжо мне, мiлая, прабач, але ж я тады сапраўднай Прынцэсы, адзiнай у свеце Прынцэсы, маёй Прынцэсы яшчэ не бачыў!
- Ты гэта пра мяне кажаш? - здзiвiлася Сабрынэта.
- А што, ты тут бачыш каго-небудзь iншага?
- Але ўсяго пяць хвiлiн таму ты пра мяне нiчога не ведаў.
- Пяць хвiлiн таму я быў звычайны свiнапас, а цяпер, калi ты побач, я адчуваю сябе сапраўдным Прынцам! Хоць са свiннямi я не разлучуся да канца маiх дзён.
- Але ж ты нават не папытаў у мяне!
- Дык гэта ж ты папрасiла мяне паклапацiцца пра цябе? Менавiта гэтым я i збiраюся цяпер займацца ўсё жыццё.
Вырашыўшы гэтае пытанне, яны пачалi абмяркоўваць сур'ёзныя i складаныя справы - цмока i Прынца.
Эльфiн не ведаў, што побач з iм сапраўдная Прынцэса, але адчуваў, што сэрца ў яго каханай з чыстага золата (пра што ён не аднойчы сказаў Сабрынэце).
- Уся памылка ў тым, што бiклага ў яго не цмокатрывалая, - разважаў Эльфiн, - цяпер я гэта разумею.