збiрае сiлы для новай вылазкi?! Цяжка было паверыць, што непераможнага цмока забiў просты сялянскi хлопец.

Але час iшоў, цмок не з'яўляўся, людзi адзiн за адным пачалi падыходзiць да Конрада i вiншаваць яго i сябе. I вось ужо ўвесь натоўп вакол плакаў i смяяўся ад нечаканай радасцi.

Нарэшце радасныя крыкi пачулiся i ў замку, замiльгацелi рознакаляровыя насоўкi, у кожным акне з'явiўся святочны сцяг. З замка ў афiцыйным убраннi, з каронаю на галаве i скiпетрам у руцэ, выйшаў кароль. Разам са шматлiкай свiтай ён накiраваўся да лесвiцы. Прыдворныя вакол яго весела балбаталi i смяялiся, але было вiдаць, што ўрачыстая сустрэча пераможцы не была падрыхтаваная. I гэта цалкам зразумела, бо хто ж мог чакаць, што нейкi сын лесаруба пераможа жахлiвую пачвару?!

Прыдворныя крычалi Конраду, каб ён падымаўся ў замак, але ён нiчога не мог зразумець, i тады нехта падпiхнуў яго ўгору па лесвiцы да караля. Убачыўшы, што Конрад падымаецца, кароль пайшоў яму насустрач. Яны сустрэлiся на сярэдзiне лесвiцы. Кароль абняў i пацалаваў Конрада, а потым павёў яго ў палац.

- А цяпер я хачу пазнаёмiць вас са сваёй дачкою, прынцэсай, - урачыста сказаў кароль, калi яны паднялiся на верхнюю пляцоўку лесвiцы, i прыдворныя кiнулiся вiншаваць пераможцу. - Але дзе ж прынцэса? Напэўна, адышлася некуды, зараз з'явiцца. Шкада, што яна прапусцiла такое вiдовiшча.

- Гэрмiёна! Гэрмiёна! - чыстымi звонкiмi галасамi клiкалi фрэйлiны, зазiраючы ў вокны палаца. Людзi, якiя стаялi за замкавымi мурамi, падхапiлi: 'Гэрмiёна! Мы хочам бачыць прынцэсу Гэрмiёну!' А калi ўлiчыць, што да замка збеглiся людзi з усяго горада, дык не дзiўна, што крык 'Гэрмiёна!' можна было пачуць за сотню мiль.

Але Гэрмiёна ўсё не выходзiла. Людзi ахрыплi, фрэйлiны кашлялi i непаразумела глядзелi адна на адну. Кароль нахмурыўся, ён адчуваў, што прынцэсе даўно пара ўжо выйсцi да народу. А прынцэсы ўсё не было.

- Дзе ж яна? - хвалявалiся прыдворныя. - Трэба тэрмiнова знайсцi яе, але паведамiць пра ўсё вельмi асцярожна, каб не разнерваваць.

Конрада неяк адцiснулi ад караля, i ён пайшоў у палац разам з прыдворнымi. Некалькi чалавек паабяцалi яму, што пакажуць, куды iсцi, але з гоманам i смехам кожны далучаўся да сваiх сяброў, i так атрымалася, што Конрад застаўся ў доўгiм цёмным калiдоры зусiм адзiн. Але калi ён добра прыгледзеўся, дык убачыў у канцы калiдора нейкую постаць. Конрад крыкнуў чалавеку, каб той пачакаў, i шпарка пайшоў па калiдоры да яго. Постаць пачала хутка аддаляцца, Конрад iшоў за ёй, але дагнаць не мог. Так яны iшлi праз незлiчоныя дзверы, кароткiя i доўгiя праходы, спускалiся па сходах, якiя вялi ўсё нiжэй i нiжэй у тоўшчу скалы. Конрад адчуў халодны подых сутарэння на твары i руках. I вось нарэшце расчынiлiся яшчэ адны дзверы, правадыр знiк, а Конрад увайшоў у невялiчкi пакой. На канапе каля сцяны ляжала прынцэса, галава ў яе была павернутая ўбок, а на бялюткай шыi зеўрала страшная рана. На сцяне быў цень, якi мог жыць, пакуль жыла прынцэса. I ледзь Конрад убачыў неверагодную прынцэсiну прыгажосць, як цень растаў.

Конрад укленчыў каля ложка. Невядома, колькi часу ён правёў так, але калi падняў галаву, то ўбачыў, што ў пакоi было поўна народу.

- Ты забiў яе! - ускрыкнуў нехта.

Конрад падняўся.

- Я не забiваў яе. Я забiў цмока.

- Паглядзiце, - сказаў нехта iншы, - у яе на шыi такая самая рана.

- Гэтую рану я нанёс цмоку.

- А гэта што? - запытаў трэцi i паказаў на скрутак бавоўны, якi быў зацiснуты ў прынцэсiнай руцэ.

Чалавек узяў з рукi скрутачак i разгарнуў яго. Пакой адразу напоўнiўся пахам хлараформа. Гэта была Конрадава насоўка, ў куточку якой было вышытае ягонае iмя.

- Дык ты яшчэ й атруцiў яе?! - уздыхнуў натоўп.

- Гэтую атруту, - адказаў Конрад, - я кiнуў у пашчу цмока.

Двое цi трое прысутных згодна закiвалi галавой, але астатнiя закрычалi:

- Але калi ты яе не забiваў, дык чаму ж яна памерла?

Конрад затулiў твар рукамi.

- Нашто мне было забiваць яе? Я кахаю яе, - вымавiў ён ледзь чутна. - Я забiў цмока.

Усе заварожана глядзелi на яго i нiчога не казалi. Тады ён дадаў:

- Але цмокам была прынцэса.

Падняўся страшэнны шум i гвалт, i з крыкамi: 'Хлус! Здраднiк! Забойца!' Конрада выкiнулi з пакоя.

Афiцыйная версiя была такая: прынцэса сустрэла сваю смерць, калi спрабавала абаранiць Конрада ад цмока. Калi ў Конрада пыталiся, цi праўда гэта, ён не адмаўляўся.

Як пераможца цмока ён быў папулярны зусiм нядоўгi час, i, наадварот, усё астатняе жыццё на iм ляжала ганебнае таўро: праз яго загiнула прынцэса.

Усе - i малыя i старыя - лiчылi, што Конрадава вiна была ў тым, што ён ужыў хлараформ.

Цяжкiя часы, якiя перажыла краiна пад цмокавай уладай, хутка забылiся, а слава аб прынцэсе Гэрмiёне - нацыянальным скарбе - расла i шырылася ў сэрцах яе суродзiчаў.

Пераклала Алена Арлова

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату