вазы вязуць гной са стайнi. У князевай вежы на адным паверсе пiсцы, на другiм варта, на трэцi камянi падымаюць, у клецях над брамай калаўрот скрыгоча, калi мост узнiмаюць, i пляскаюць ланцугi, калi мост апускаецца. У паварнi заўжды таўкатня, да ветру за стайняй заўсёды чарга, а ранкам з камораў нечыстоты выносяць i злiваюць у бочку, якую апаўдня вязуць за горад. А яшчэ ўдзень выпускалi з камораў палоненых мазураў i мазурак, i тыя, цiхмяныя, згаладалыя, блукалi па двары, чакаючы сваю штодзённую ежу няволi - пустую капусту. Толькi ўвечары, калi засыналi пляменнiкi, i можна было ад усiх адасобiцца. Але ў гэтай адзiноце душа пакутавала мацней, чым днём у мiтуснi. Удзень здавалася, што ноччу, у адасабленнi, ёй адкрыецца нешта такое значнае, што вызвалiць яе, але ў цiшынi ночы сэрца сцiскаў жах, а душа балела ад уласнай непапраўнай вiны - чаму не паслухалася мужа i прыехала сюды, пахавалi б Веду i без яе, праўду казаў Даўмонт. I праз год магла б прыехаць пастаяць каля магiлкi. А цяпер застаецца толькi тая надзея, што Даўмонт не сцерпiць i знойдзе, як яе вызвалiць. Князь вярнуўся толькi праз два тыднi i ў прыцемках прыйшоў да яе ў пакой пасядзець з Рэпiкам i Руклем. Лучына сумна патрэсквала. Мiндоўг чамусьцi пачаў успамiнаць для сыноў, але i ёй давялося выслухаць, аб сваiм дзяцiнстве. Прыгадваў, як часцяком увечары набiвалiся ў бацькаў дом баяры, а ён з братамi ляжаў на палацях, вось як яны зараз ляжаць, слухаў аповеды пра даўнiя паходы лiтвы, вылiчэнне продкаў да агульнага ўсiм князям прашчура князя Палямона, якi прывёў iх на Лiтву аднекуль з-за мора, а мацi частавала баяраў i дзяцей паранай рэпай - i такая тая рэпа была, цi здавалася, салодкая, што нiчога смачнейшага з тых гадоў ён не еў. Ды i не кожны дзень кармiла мацi рэпаю. А ў восем гадоў пасадзiлi на каня скакаць у сядле, i мечам дзядзькi i старэйшы брат вучылi бiцца. I моцна лупцавалi па спiне i нiжэй за памылкi. Казалi: зноў прамахнуўся, атрымай узнагароду - i плазам мечаў сваiх па спiне. На жываце часцяком даводзiлася спаць, бо на спiне не мог. А каб так жорстка не вучылi, не ўмеў бы абаранiцца, даўно б ужо забiлi. Але тады, калi гэтак бiлi, злаваў на ўсiх, у вочы кляўся: адпомшчу, калi вырасту...

- I што, ўдалося адпомсцiць? - спытала Агна.

- Хiба за навуку помсцяць? - адказаў пытаннем князь. - Яны ж дзеля дабра. Я не помслiвы, - дадаў Мiндоўг.

Агна слухала i разумела, што не патрэбна яна Рэпiку i Руклю як мачаха, мiнулi iхныя тыя гады, калi неабходная малым мацi цi цётка. Зараз iм дзядзька патрэбны. Каб вучыў конна ездзiць, трапна стрэлiць, бiцца мечам. I бязлiтасна лупцаваў за памылкi. А яна гэтак бiць няздольная. Даўмонта князю трэба было паланiць замест яе. Цi князя Трайната. Нахлусiў стары князь на памiнках перад мноствам сведкаў, не пасаромеўся сваю сiвiзну абразiць. Адно пабаяўся: абвясцiць нiбыта апошняю волю Марты, калi яна яшчэ на стале ляжала. Раптам расплюшчыла б вочы i выкрыла: 'Не хлусi, князь, маёй сястры!' А з магiлы хоць крычы - нiхто не пачуе.

Неяк уначы яна прачнулася ад пачуцця, што ўсiх iх чакае няшчасце. I яе, i злоснага Мiндоўга, i ягоных сыноў. Так ёй ясна ўбачылiся непазбежныя бедствы, што нават не ўзнiкла боязi: чаго не пазбегнуць - таго сэрца не страшыцца. Ляжала з расплюшчанымi вачыма i бачыла скрозь цемру часу новыя накрэсленнi iхнага лёсу: не будзе iм доўгага жыцця - iх усiх заб'е Даўмонт. Яе, магчыма, пашкадуюць, бо невiнаватая i паланянка, а малых i старога ўсiх пасякуць, не даруе Даўмонт гэтакага здзеку. I, можа не самога Мiндоўга першага заб'юць, а спачатку на ягоных вачах сыноў зарэжуць, Рэпiка i Руклю, каб жахнуўся бацька такому канчатку сваiх подлых учынкаў. А ўжо потым i яму сякерай па карку...

Назаўтра, калi Мiндоўг зайшоў на кухню, Агна зiрнула на яго i ўпэўнiлася ў думцы, што князь зажыўся. Сiвы, валасы на галаве парэдзiлiся, перапаўзлi ў бараду, жорсткi твар у глыбокiх зморшчынах, скура старая, сцямнелая за доўгi век - яе новы муж i, калi паверыць iлжывым клятвам, сястрой для яе абраны i прызначаны. Нашто яна яму, не ўтрымалася зноўку спытаць яна Мiндоўга. Людзi сыходзяцца ў пары, каб род працягваць. А ты трох наступнiкаў маеш. Цi хочаш яшчэ аднаго - замест унука ад Войшалка? Князь здзiвiўся i разгублена адказаў, што пакуль не меў часу над гэтым разважыць.

- Князь, - спытала яна, - я шмат думаю пра волю сястры, i ўдзень, i ноччу, iншае проста на розум не йдзе. Цi правiльна ты зразумеў яе волю? Можа, яна не гэтага хацела? Табе, кажуць, семдзесят гадоў. Мне - дваццаць. Рознiца - век. Руклю твайму дзесяць, мне дваццаць. Як бачыш, гады амаль роўныя. Можа, Марта жадала, каб я стала яго жонкай, ды ты не даслухаў?

Мiндоўга гэтая нечаканая прапанова ўразiла. Ён застыў, намагаючыся зразумець яе сэнс. I кавалак мяса на нажы нерухома павiс у паветры, блiзка ад адкрытага рота. Яна бачыла зжаўцелыя князевы зубы i думала: як стары конь стаў Мiндоўг, зубы выдаюць старасць, недарма каня па зубах выбiраюць. У Даўмонта белыя, у яе белыя - яны маладыя, у iх жыццё наперадзе, а ў вялiкага князя зжаўцелi ад часу i ўсё адно трэцi раз хоча ажанiцца.

Хвiлiну доўжылася князева зняменне. Магчыма, ён упершыню падумаў пра жанiцьбу сына цi пра сваю старасць, цi пра вынiкi трэцяга шлюбу. Нарэшце, ён скiнуў мяса з нажа, абцёр нож аб хлеб i ўклаў у похвы.

- Не! - цвёрда адказаў ён. - Што Марта шаптала, тое ўсе i пачулi. Ты для Руклi i Рэпiка - цётка. Мне - жонка, iм - другая мацi. Не заведзена ў лiтвы з роднымi цёткамi жанiцца.

- Шмат чаго ў лiтвы i ў нас не заведзена, - запярэчыла Агна. - Хiба з чужою жонкаю жанiцца заведзена? У мяне ўсё ж муж жывы. Усе ведаюць, што гэтак, як ты зрабiў, людзi не робяць. Чаму ж за роднага пляменнiка на жаданне ягонай мацi, маёй сястры, iсцi нельга?

- Таму што жадання такога не было. I быць не магло.

- Не было дык не было, - пагадзiлася яна паверыць. - Няхай так, - i выказала наступную прапанову: - Вось у цябе мазуркi сядзяць, ты за iх грыўнi чакаеш.

- Чакаю, - адказаў князь. - Толькi, не грыўнi, а зброю. А што?

- Няхай Даўмонт мяне выкупiць. Назавi яму цану. I табе будзе карысць, i мне шчасце.

- Я што, па-твойму, збой з лесу? - пасмiхнуўся Мiндоўг. - Украў цябе дзеля грошай? Трымаю на саломе? Ты зачынена ў клець? Няетая сядзiш? Твая сястра была тут княгiня, i ты - княгiня. Разумееш? Мы з табой сям'я, дзве зоркi - Лель ды Палель. Як я табой таргавацца магу? Вось калi здарыцца бяда, ты ў палон трапiш, - дадаў Мiндоўг, - тады, не сумнявайся, выкуплю, колькi б нi замовiлi.

- Дык што, не вызвалiцца мне ад цябе, пакуль хто вайной не прыйдзе?

- Табе ад злосцi трэба вызвалiцца, - параiў Мiндоўг.

- Хто, князь, з нас больш злосны, - спытала Агна, - ты цi я? Хiба гэта ты ў мяне ў палоне мардуешся?

- А ты не мардуйся! - сказаў князь i выйшаў з пакою, так нiчога не з'еўшы.

10

Здзеклiвую Агнiну прапанову стаць жонкай Руклi князь Мiндоўг прыгадаў увечары, калi ў адзiноце клаўся спаць. Адразу знiкла санлiвасць, бо ўявiўся хударлявы Рукля ў абдымках налiтай здароўем Агны, на княжым ложы, i гэтае вiдовiшча адлюстравала недарэчнасць выказанага Агнаю меркавання. Злосны жарт зрабiць Руклю ейным мужам. Замест пасагу - былы муж з навостраным нажом у халяве. Нашто дзiцяцi такая жонка? Даўмонт ужо безумоўна звар'яцеў бы, калi б справа абярнулася гэткiм вынiкам. Не патрэбны ёй уладаром дзесяцiгадовы пляменнiк. Не, не бывае такой бязглуздзiцы нават у жаночай галаве, казаў ён сабе, гэта яна прыдумляе кпiны, каб мяне злаваць. Даўмонт жывы, вось што не дае ёй спакою. Хоць, што ёй было з яго? Колькi там, два цi тры гады пасля вяселля пражылi, а дзяцей не завёў. Цi не ўмее, цi багi працiвяцца, не жадаюць, каб Даўмонтава племя пладзiлася. А тут родныя пляменнiкi, яна тут вялiкая княгiня. А што ў той Нальшчы? Чакай з дня на дзень, калi аўдавееш. Што, Даўмонт прырасцiў сабе зямлi, хоць колькi ўмацаваўся? Сядзiць на ўдзеле па бацьку. Што далi, тое мае. Такiх у Нальшчы пяць князёў поседам сядзяць. Адна мара - жыць цiха, як мыш у падполлi, каб кот не палашчыў. Маўляў, гэтак дзяды жылi. Узiмку наезд, улетку наезд - каго-небудзь абабралi, лупы па дварах развезлi, брагi напiлiся, гароху наелiся, пуза пагладзiлi i на печы залеглi спiну грэць - лiтоўскае шчасце...

Хiба адбiлiся б ад Бурундая, калi б не было моцнага Наваградка? Уселiся б на карак татары, як у Разанi сядзяць, калi б не яго, Мiндоўга, адзiная валадарная воля. Змянiлася жыццё за апошнiя дваццаць гадоў гэтак неспадзявана, як раней за стагоддзi не мянялася. Толькi дурны можа сумаваць аб прыяцельстве дробных князёў у тыя дзедаўскiя часы. Тыя дзяды пра татараў не ведалi, пра немцаў краем вуха пагалоскi чулi. Такiх магутных ворагаў нiколi Лiтва не мела. Што ў параўнаннi з iмi наезды мазураў цi русiнаў? Наедуць - праз год атрымаюць наезд у адказ. А паспрабуй сваiмi крэўскiмi, кернаўскiмi, гальшанскiмi дружынамi на татараў наехаць! Цi на крыжацкiя замкi! Няхай паспрабуе Даўмонт сваiмi пяццю сотнямi хоць бы Наваградак аблажыць. Што застанецца ад яго праз гадзiну? Пачастунак груганам ды лужына крывi.

Уся бяда малых людзей у тым, думаў Мiндоўг, што яны дрэнна кемяць, марудна думаюць пра самае

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату