гарэлкi i нiчым не абгрунтаванага кайфу.
Iдзём у гатэль. Шэры высокi будынак у цэнтры горада. Пануры i негасцiнны. У холе сноўдаецца пiльнае вока, якое адразу, як толькi мы ўвайшлi, падскоквае i пытаецца, чаго нам трэба. Паказваем на акенца адмiнiстратара i падыходзiм зарэзерваваць нумар. У адмiнiстратарскай пуста. За перагародкай чуюцца, аднак, вясёлыя галасы. Мужчынскiя i жаночыя. Нейкая ў iх там бяседа. Хвiлiну чакаем, але нiхто не падыходзiць. Нарэшце яна не вытрымлiвае i iдзе за перагародку. Я на паўкроку за ёю. З цiкаўнасцi. Сапраўды некалькi асобаў сядзяць за невялiкiм столiкам. Падымаюць кiлiшкi з чарговым тостам. Убачыўшы нас, адмiнiстратарка нервова падымаецца i незадаволена пытаецца, чаго мы хочам. Чаго ж можна хацець у адмiнiстратара гатэля паполуднi? Гасцей вiдаць няшмат. Сонная атмасфера i мала жыцця. Я запаўняю складаны фармуляр, у якiм апытваюць, бадай, цi не пра ўсё на свеце. Яна стаiць збоку i iранiчнай усмешкай квiтуе кожнае маё ўголас сказанае слова з картачкi. Што ўпiсаць, а што не? Адмiнiстратарка пасля пытання не вытрымлiвае маёй упартасцi i злосна адварочваецца. На хвiлiну зноў знiкае за перагародкай, дзе яе чакае новы тост. Я пакорлiва запаўняю фармуляр, падрыхтоўваю грошы i не маю нiякай ахвоты да закалотаў. Чакаю хвiлiну, адмiнiстратарка выходзiць гуллiвая пасля чаркi i забiрае ў мяне дакументы. Яшчэ раз пытаецца, колькi ночаў я буду ў гатэлi, падлiчвае суму, аддае картку i кажа заплацiць у суседнiм касавым акенцы. Там касiркi таксама няма. Убачыўшы на маiм твары пытанне, крычыць убок застолля за перагародкай. 'Вольга! Прымi грошы!' Тоўстая i расчырванелая ад алкаголю Вольга ўточваецца на сваё службовае месца, i адразу яе радасны твар мяняе выраз. Яна робiцца засяроджанай, важнай i сюд-туд з падазрэннем зiркае ў мой бок. Лiчыць грошы, выпiсвае квiток. Вяртаюся з iм да адмiнiстратаркi i, аддаўшы пашпарт, атрымлiваю невялiкi металiчны ключ з вялiкай алавянай цi, можа, сталёвай бiруляй. Яго немагчыма насiць у кiшэнi.
Iдзём да лiфта, на якiм залатымi лiтарамi ўвекавечаны прозвiшчы найбольш знакамiтых гасцей гатэля. Лукашэнка, Алексiй II - патрыярх, Ала Пугачова, Мiхаiл Гарбачоў, Пiлiп Кiркораў. Астатнiя прозвiшчы нiчога мне не гавораць. Мабыць, маскоўскiя ўладцы альбо эстрадныя артысты.
Парт'е ўважлiва прыглядваецца да нас i iнфармуе, што сяброўка можа тут быць толькi да вечара, у iншым разе павiнна прапiсацца. Я кiваю галавою, i мы ўваходзiм у лiфт.
У пакоi звыклы савецкi смурод, прылiплы да ўсяго - ад мэблi да сцен, да пасцелi на шырокiм ложку. Адчыняю акно i гляджу ўбок вiцбескага амфiтэатра. Марозна, змяркаецца. Рашаем пайсцi прагуляцца. Хачу агледзець горад, акунуцца ў атмасферу Шагала, Малевiча, Кандзiнскага. Цi засталося што-небудзь з гэтага?
Хуценька гатую каву, гэтак жа хуценька выпiваем, а яна мне крыху расказвае пра музей Шагала - маленькi дамок жыдоўскага купца ў прамысловым раёне, дзе зладзiлi экспазiцыю, iмiтуючы аўтэнтычную ўнутраную планiроўку дома i лаўку канца дзвятнаццатага стагоддзя. Не ведаю, цi будзе яшчэ сёння адчынена, бо ўсе ўжо пачынаюць святкаваць стары Новы год, г.зн. 'сiльвестра', паводле грыгарыянскага календара. Сiла традыцыi i кансерватызм - уражлiвы вынiк у гэтай матэрыi.
Цэлы вечар шпацыруем па Вiцебску. Вяртаючыся ў гатэль, перасякаем сквер у цэнтры горада. Ужо, бадай, некалькi градусаў нiжэй нуля. Але прыемна i свежа. Вакол нас на лаўках, падмурках, камлях паваленых дрэў грамадзяцца купкi людзей. На сурвэтах, газетах, лiстах параскладана ежыва, а пасярэдзiне царуе бутэлька гарэлкi. Народнае гулянне. Святкуюць з транзiстарамi, салонымi гуркамi, у цяжкай для зразумення i вытлумачэння атмасферы весялосцi. Расейскi поп, у сваёй бяздумнасцi падобны да нашага дыска пола, разлiваецца, перакiдаючыся ад групкi да групкi. Блiжэй да вулiцы некаторыя ладзяць папойку вельмi своеасаблiва i вынаходлiва - на капоце цi на даху прыпаркаванай машыны. Усярэдзiне можна пагрэцца, а акумулятар сiлкуе мiнiятурны тэлевiзар.
Мы няспешна пасоўваемся ўздоўж гэтага тэатра жыцця. Людзi калышуцца то ў рытм музыкi, то ў такт абвяшчаных тостаў. Стары Новы год.
Бачым, як два п'яныя разахвочаныя юнакi забапалу лапаюць дзяўчыну. Дзяўчына ўжо залiтая ў тры дупы i крочыць шырокiм размашыстым вальсам. Можа, яе цягнуць у корчыкi, каб даць выйсце свайму юру.
Над амфiтэатрам штораз выстрэльвае нейкая вайсковая марцiра. Агонь перакiдаецца то на адзiн, то на другi бок i знясiлена падае ў снег. Мы замерзлi. Час вяртацца ў гатэль. Але атмасфера толькi яшчэ раскручваецца. З падваротняў i завулкаў паяўляюцца падхмеленыя групкi хлопцаў. Большасць iх гэта амаль налыса паголеныя васемнаццацi-дваццацiгодкi. Бледныя ў тварах, але ад выпiўкi на пашчэнках i насах праступаюць чырвоныя плямы, якiя яны расцiраюць скарчанелымi далонямi. Плююць, смачна сморкаюцца ў зацiснутыя на носе пальцы. Апранутыя ў цёмныя кароткiя куртачкi, худыя, цыбатыя, як патыкi, ногi. Кiпiць у iх маладое жыццё, гэта, бадай што, адзiная крынiца энергii. Лезе з iх гэта як прэсная, сялянская прага жыцця. Усё, што вакол iх, - убогае, нэндзнае, панурае i жалю вартае ў сваёй бяссэнсавасцi.
Яна дзелiцца са мною набытым досведам, што большасць з гэтых хлопцаў гэта альбо былыя выхаванцы папраўчай калонii, альбо будучыя зэкi, якiя яшчэ пагараць на чарговым крадзяжы, узброеным нападзе, альбо пазней, калi пойдуць на адсiдку пасля некалькiх гадоў буянай i загульнай жытухi i службы ў якой- небудзь мясцовай мафii. Гэта ў лепшым выпадку, бо то ж яшчэ кожнае мае шанцы рыгнуць душою ў перастрэлцы.
Пакуль што Вiцебск яшчэ здаецца спакойным, сонным мястэчкам, умаляваным у зiмовы пейзаж, i моладзь, якая швэндаецца па вулiцах, нягледзячы на нашыя страхотлiвыя ўяўленнi, - гэта толькi крыху няветлiвыя хлопчыкi. А iх многа i шмат. Напэўна зашмат, каб на ўсiх хапiла месца ў папраўчых калонiях i турмах.
Наскрозь прамерзлыя ўскокваем у наш гатэль. Направа ад галоўнага хола дзверы ў бар. Праз дым бачым буфет з напоямi. Толькi гэта можа нас цяпр уратаваць.
Некалькi столiкаў, i дрымучая нуда. Купляем чырвонага вiна - аж цэлую бутэльку, i просiм буфетчыцу, каб падагрэла вiно на куханьцы, што ў яе за плячыма. Тоўстая жанчына свецiцца шчырай залатой усмешкай. Знiкае на кухнi i праз хвiлiну з подзiву вартым палiтэсам прапануе нам, што ўкiне ў вiно пару гваздзiчкоў, а цукар вось ён перад намi. Гэта сапраўды выраз нязвыклай сiмпатыi. Можа таму, што ўсе тут разумеюць, што ўжо раз гуляць дык гуляй, душа, - пекла ж няма! Некалькi дзяўчат са знуджанымi тварыкамi i задзёртымi спаднiцамi прыглядваюцца да нашага свяшчэнадзейства. Праз хвiлiну буфетчыца выносiць падагрэтае вiно, налiваем у тоўстыя шклянкi, салодзiм i азiраемся, выбiраючы зручнае месца, каб можна было азiраць усю залу i бачыць усiх, хто ўваходзiць. Прытыкаемся ў куточку тут жа каля дзяўчат. Тыя, зацягваючыся цыгарэтамi, недаверлiва касавурацца на нас. Хлопцаў мала. Я спрабую ўсмiхнуцца iм i загаварыць. Нiчога не выходзiць. Праходзiць некалькi хвiлiн. Перакiдаемся словамi, грэючы далонi шклянкамi цёплага вiна. Яна залётна дакранаецца да мяне, я адразу адказваю, пагладжваючы нагой пад сталом яе змерзлую лытку. Вiно пачынае разаграваць. Гамонiм, усё больш засяроджваючыся на думках пра блiзкую ноч. Да дзяўчат падыходзiць нейкi фраер у скуранцы. Адна з iх, худзенькая брунетка, падхоплiваецца i iдзе за iм. Яна зграбная, прыгожа ходзiць, доўгiя дагледжаныя валасы пакалыхваюцца на плячах. Мы абедзве сходу пазнаём, што дзяўчаты платныя. За столiкам застаюцца яшчэ дзве. Вiно дае нам у галаву, i мне раптам прыходзiць думка запрасiць каторую з iх у ложак на ноч. Прашу Яе, каб падышла i спыталася пра iх тутэйшыя стаўкi. Яна падымаецца з шклянкаю вiна i смела падсаджваецца за суседнi столiк. Завязваецца дзiўная i вельмi складаная гутарка. Дзяўчаты не разумеюць, пра што тут заходзiцца. Я далучаюся да размовы. Так, адразу вiдаць, што зарабляюць акурат гэтым спосабам, а цана па дамоўленасцi. Залежна ад клiента. Часам, калi пад настрой, можна i проста так пайсцi, як што мужык у спадобу дасца. Дзяўчаты ўсё яшчэ не ўрубаюцца. Мы па чарзе тлумачым, што хацелi б даведацца, якiя тут у Вiцебску стаўкi. Нам кажуць, што можа адвалiцца i дваццаць баксаў, i пяцьдзсят, i сто. Гэта - як калi выпадзе. Ну добра, тады - за трыццаць. Што значыць за трыццаць? Ну, значыць, што мы маем ахвоту на адну з вас. Возьмем з сабою ў нумар. Дзяўчаты пруцянеюць. Як гэта, лесбiянствам займацца?! О не! Што не, дык не. Яны ўстаюць i перасядаюць за два столiкi далей, уцякаюць ад нас.
Глядзiм адна на адну, скарыўшыся лёсу. Дапiвам вiно, але тонка сканструяваны гумор так i пырскае з нас. Якiя дурныя няхлюi гэтыя зачуханкi.
Праз хвiлiну ў бар зноў заходзiць той фраер у скуранцы. Дзяўчаты паказваюць на нас пальцам i кiдаюць пагардлiвыя зiркi. Хлопец кiвае галавой i аблiвае нас халодным, разлiчаным вокам.
Мы ўстаём, дзякуем залатой буфетчыцы за хвiлiну цяпла i радасцi. Iдзём да лiфта. За намi выходзiць хлопец. Калi мы заходзiм у лiфт, бачу, як ён гутарыць з парт'е, кiваючы на нас галавою.
Яна папярэджвае мяне, што перад намi яшчэ адна перашкода - дзяжурная на паверсе, у якое ёсць ключ да пакоя, i яна правярае, хто, калi i да каго прыйшоў у госцi. Я супакойваю, што няма чаго пераймацца. Бо такi