пасвячэнне адноўленага помнiка савецкаму салдату. Улады пастаралiся звыш меры пра новы iдэалагiчны падмурак. Выкапалi нейкiя парэшткi з вайсковых магiлаў на цвiнтары, арганiзавалi ўрачысты мiтынг пад помнiкам, на якi сагналi ўсе навакольныя школы i некалькi таксама амаль ужо мёртвых прамысловых прадпрыемстваў. На ўрачыстасцi сказалi некалькi важных патрыятычных прамоваў, а запрошаны праваслаўны 'бацюшка' пакрапiў усё свянцонай вадой. Ксёндз не прыйшоў на ўрачыстасць, бо, як казаў пазней, не меў пэўнасцi, чые парэшткi былi перанесены пад помнiк, i цi напэўна тыя мёртвыя хацелi б адыгрываць ролю iдэалагiчнага экспаната пад савецкiм помнiкам. А раптам гэта пахаваны партызаны- АКоўцы?
У Траецкiм прадмесцi я рашыла зайсцi ў рэстаран, але ён быў зачынены на абед. Тады пайшла далей да цэнтра ўздоўж Нямiгi да блiжэйшага бара, каб неяк знейтралiзаваць сiлу выпiтага пiва. Зайшла ў невялiкую iтальянскую кавяраньку 'Grip'. Заказала ў бары каву з экспрэса i тады пачула за плячыма выбух рогату.
Яна з Дзiмам у куце залы. На крэсле побач гiтара. Дзiма, жэстыкулюючы ў паветры далонямi, нешта ёй тлумачыць. Яна згледзела мяне, але не хочучы перапыняць Дзiмаў расказ, махае мне рукамi, каб я падсела. Я падышла з фiлiжанкай. Павесiла сумачку на крэсла, пацалавалася з ёю, падала руку Дзiму. Холад. Чаму ўсё гэта мяне аж так мiтрэнжыць? Ува мне зноў падымалася хваля той незразумелай мне самой злосцi.
Дзiма тлумачыць ёй, на чым грунтуюцца фiнансавыя пiрамiды, - як набiваюцца людзi ў бутэльку. Прапанаваў, каб мы пайшлi на сустрэчу з 'Еnergy Club'. Я ўся ў маўчаннi сачу за яго паэтычнай лекцыяй па эканомiцы.
Я згадзiлася пайсцi з iмi толькi з прычыны яе позiрку, якiм яна мяне адарыла ў гэты момант.
XXXI
Дзiма павёў нас з кавярнi па лесвiцы ўгору ў будынак нейкага полiтэхнiчнага iнстытута. Савецкую цудоту аб'екта мела падкрэслiць велiзарная зашклёная вiтрына каля ўваходу з экспазiцыяй вялiкiх павыгiнаных i пажоўклых фотаздымкаў выдатных i галоўных iнжынераў, якiя, мусiць, да нядаўняга, расчэрчвалi на сваiх пульманах будучыя мадэлi рухавiкоў для грузавых аўтамабiляў, трактараў, танкаў а можа, i касмiчных караблёў. Частка гэтых iнжынераў у памятых пiнжаках да сёння цягаюцца з партфелямi на працу. Дастаюць, нябось, загорнуты ў газету сняданак i, сёрбаючы з кубка гарбату, азiраюць шэрыя сцiжмы маладых людзей, што сноўдаюцца па будынку, шмат памяшканняў у якiм здадзена ў арэнду фiрмам, натарыятам, крамам i пад аптовыя склады.
Да залы, дзе збiраюцца сябры 'Energy Club', трэба прайсцi некалькi ярусаў, два доўгiя цёмныя калiдоры i кароткi адрэзак праз закратаваную мадэльную майстэрню. Сярод вялiзных мадэляў рухавiкоў i прыстасаванняў з невядомым прызначэннем стаяць арганiзатары сустрэчы ў 'Energy Club'. Акiдаюць нас вачыма. Дзiма пачынае нешта блытана тлумачыць, што ён ад Сашы i прывёў дзвюх новых кандыдатак. Элегантна апранутыя маладыя людзi з разуменнем кiваюць галовамi. Добра, што прывёў кандыдатак, але сам ён апрануты неадпаведна. Умовай уваходу на сустрэчу клуба ёсць чыстая белая кашуля, гальштук i пiнжак. Дзiма са зласлiва тузае свой выцягнуты свiтар i малапераканаўча даводзiць iм, што вяртаецца з падарожжа, што забыўся, што доўга нас умаўляў. Глядзiць на мой збянтэжаны твар, i яго надзея, што мужчыны прапусцяць, памяншаецца. Падыходзiць да нас i просiць дужа не пераймацца, бо як ацэнена, мы апрануты дастаткова элегантна i можам увайсцi, а ён тым часам пачакае ў калiдоры на Сашу i, магчыма, неяк уплiшчыцца пасля адкрыцця сустрэчы. У залу за майстэрняй заходзяць яшчэ астатнiя прыпозненыя сябры клуба. Адзiн мужчына забiрае на сябе маю ўвагу сваёй штучна напятай паставай. Адразу кiдаецца ў вочы, што ён небагаты, пiнжак пазычыў у падначаленага калегi цi ў брата, а ад чуйнага вока прапускнiкоў прыкрывае вялiкай пластыкавай рэкламнай сумкай прыбруджаныя старыя адзiдасы.
У зале пануе настрой шаноўнай паважнасцi, як перад набажэнствам альбо арганным канцэртам. Сцэна без дэкарацыяў. Стол, некалькi крэслаў, на стале зялёнае сукно. Мужчына ў гранатавым гарнiтуры расстаўляе мiкрафоны i праекцыйны апарат для прагляду. Пракiдае некалькi слайдаў з нейкiмi тэкстамi, таблiцамi i схемамi.
На сцэну бадзёра ўскоквае юнак з галiвудскай, прыклеенай да твару ўсмешкай. Высiльваючыся на энтузiязм, прадстаўляе кiраўнiцтва клубу, вiтае новых сяброў i кандыдытаў.
Умова сяброўства ў клубе - унёсак у форме трохсот даляраў з абавязацельствам прыцягнення на сустрэчы новых сяброў. За год трэба прывесцi пяць кандыдытаў. Чым больш прыдбаеш новых сяброў, тым вышэйшы будзе твой статус у клубе.
Чарговы энтузiяст уключае праектар i паказвае таблiцу i схемы. Тлумачыць, як проста i можна баржджэй дапяць да багацця.
Мы пераглядваемся, усё больш i больш расчараваныя прымiтыўнасцю такога круцельства. Але калi публiка выбухнула воплескамi i крыкамi запалу, перапыняючы евангелiчныя 'сведчаннi' ўжо маёмасных сяброў, не вытрымалi i ўсталi выйсцi.
Аж - у дзвярах дарогу заступае рослы юнак. Не дазваляе i махае рукою ўбок сцэны аднаму з кiраўнiкоў клуба. Той развязна падыходзiць i просiць на хвiлiнку ўбок. Выпытвае, хто мы такiя будзем, што тут рабiлi, як прайшлi i хто нас прывёў. Дзiма, якi чакаў у другiм канцы мадэльнай залы, убачыўшы нас, падбягае. Густа тлумачыць, што ён ад Сашы. Кiраўнiк незадаволена кiвае галавой i катэгарычна заяўляе, што, калi мы не ўваходзiм, як сябры, у клуб, дык абавязаныя абсалютна маўчаць пра тое, што тут бачылi i чулi ў зале. Iнакш бо можам мець клопаты. У доказ гэтага з-за парт'еры высоўваецца гладкi фэйс аднаго з ахоўнiкаў i мерае нас халодным зiркам.
Дзiма перапрашаецца за ўсю гэтую замешку i, беручы нас за руку, цягне да выхаду. Кiраўнiк яшчэ раз пытаецца, цi не журналiсты мы, i, прыклаўшы палец да вуснаў, жагнае нас апошнiм наказам.
Дзiма на вулiцы распытваецца пра ўражаннi.
Яна кажа, што пасля ўсяго гэтага ёй проста рупiць пайсцi ў касцёл i памалiцца. Iдзём утраiх да сабора. Сутуняецца. У катэдры хор рэпетыруе перад урачыстасцямi Божага Цела. Слухаем лацiнскiя песнi. Адразу неяк сэрцу адлегла i палегчала.
Калi выходзiм з катэдры, Дзiма дае мне знак, што цяпер хоча застацца з Ёю адзiн, што сам правядзе яе дамоў i гэтак далей. Гляджу на яе i яе недарэчны выбар прыпячатваю сваёй кiслай мiнай.
Дзiва бярэ, адкуль столькi сiмпатыi да Дзiмы, якi ў мяне больш асацыiруецца з бычком-асемяняльнiкам, чым з адухоўленым бардам, якi трынькае на гiтары расейскiя цi нейкiя там беларускiя рамансы.
Пакiдаю iх адных, холадна пацiснуўшы ёй руку на развiтанне.
XXXII
Вяртаюся на Маркаву кватэру, абмiнаючы мужчыну ў куфайцы пад лятарняй. Зноў нешта перабiрае на блясе. Каменьчыкi з попелу, кавалкi вугалю. Падыходжу i спрабую разгаварыць яго. З хвiлiну стаю, перш чым ён падымае галаву. Мармыча нешта неўразумелае, але я ўжо здомыслу ведаю, - сартуе, выбiрае тое, што яшчэ можна спалiць у печы, адкiдаючы непрыдатнае. У печах увесь вугаль не згарае, бо надта ж благая iх канструкцыя, якая не ўпускае ўсярэдзiну дастаткова паветра. А таму пасля спалу застаецца шмат чаго, што можна ўжыць другi раз. Тлумачыць мне гэта даволi складана, штохвiлiны вырыгаючы з сябе кленiчы цi лаянку.
Марка яшчэ няма дома. Я раблю сабе гарбату i, заглыбляючыся ў свае думкi, стараюся думаць затаiўшы дух. Камень на палiцы дадае мне бадзёрай надзеi. Кнiга Грэткоўскай падабаецца ўсё менш i менш. Адкладваю яе i бяруся за 'Алхiмiка' Паола Коэла.
Прачынаюся сярод ночы. Прыехаў Марк. Кладзецца каля мяне i накрывае коўдрай. Ад яго пахне алкаголем i папяросамi. Я пагладжваю бараду добрага латыша, i мы засынаем у абдымках.
XXXIII
Ранiцай Марк расказаў мне незвычайнае здарэнне. Ён вяртаўся на сваiм аўто з Рыгi. Каля Менска яго спынiлi дзве маладзенькiя дзяўчынкi. Дзве вясковыя красунi, што выправiлiся ў вялiкi горад на рэгулярнае паляванне. Было вiдаць, што гэта ахвотнiцы да нейкай прыгоды. Марк без лiшнiх залётаў пачаставаў iх кавай i булачкамi ў кавярнi 'Салодкi фальварак'. Пасядзелi, пажартавалi i рашылi схадзiць на пiва. Дзяўчаты не ўтойвалi, што ў сваёй вёсцы пад Менскам не так лёгка знайсцi адпаведных кавалераў. Зусiм iншае ў вялiкiм горадзе. Марка павяло на жарты, прапанаваў правесцi вечар разам. Дзяўчаты нясмела папрасiлi знайсцi калегу, каб было да пары. Тут спрыт альбо эратычны iнтэлект Марка падказаў яму фартэль. Пры iх ён патэлефанаваў са свайго мабiльнiка фiктыўнаму прыяцелю i дамовiўся з iм спаткацца ў гатэлi пад Менскам. А сам паехаў туды з дзяўчатамi i там доўгiя хвiлiны чакання ў знятым нумары разнастаiў сабе папiваннем вiна, каналамi ТV i лёгкай гутаркай з дзяўчатамi. Ён ведаў, што павалютку распалiць у iх апетыт на секс i спакойна раскручваў бяседу. Абедзьве дзяўчыны, ужо добра знецярлiвелыя i разгарачаныя, пачалi настойлiва распытвацца, калi ж урэшце прыедзе той калега. Хiхiкаючы, яны перашэптвалiся, час ад часу кiдаючы ўбок Марка апетытныя позiркi, як недвухсэнсоўныя намёкi. Пад канец Марк прапанаваў пайсцi выкупацца i тады разам утраiх далей чакацьмуць калегу. Праз паўгадзiны пярэшаптаў i хiхiкання, што даляталi з ваннай, выйшла першая. Маладзюткая брунетачка з ладненькiм худзенькiм тварыкам. Белая, як