здзiвiўся, як лёгка далося пакiнуць памяшканне. Пот страху, напруга i адчуванне соннай нерэальнасцi - усё гэта выштурхнула яго з дома, па лесвiцы якога ён босы збег некалькi паверхаў унiз, бадай, хутчэй чым самы сучасны лiфт.
У кустах апрануўся i рушыў наперад. Праз некалькi кiламетраў шалёнага бегу ў бок цэнтру горада натрапiў на мiлiцэйскi патруль. I тут успомнiў словы бандытаў, якiя папярэджвалi яго, што ўсюды маюць знаёмых i дастануць яго з самай цёмнай i глухой нары. Калi б яго цяпер затрымала мiлiцыя, ён не мог б растлумачыць, што i навошта ён тут робiць. Ён завярнуў у цёмную падваротню i перачакаў, калi святло аўтамабiльных фараў аддалiцца. Потым зноў рушыў да цэнтра.
Непадалёк ад вакзала чарговы патруль мiлiцыi. Сеў на лаўку ў кустах. Развiднялася. Аслабелы ён абапёрся i на хвiлiну заснуў. Разбудзiў яго смурод. Побач на лаўцы сядзеў бомж. Тыповы расейскi бяздомнiк са смярдзючым дыханнем, дзiкiмi вачыма i зарослым, як у яго, тварам. Не была гэта прыемная сустрэча. Але Валера адразу знайшоў у чалавеку прыязную душу. Разгаварылiся. Бомж быў малдаванiн. Але не жыў там з самага дзяцiнства. Працаваў на будоўлях Сiбiры цеслем. Потым спёкся на нейкiм крадзяжы, адсiдка, потым - без даху, без працы, дурная прывычка выпiваць з самай ранiцы. А на гэта час-парою трэба быць пры валюце. Хоць пару рублёвак. Так вось i бадзяецца па ўсiх былых саветах. I ў Вiльнi быў, але яшчэ да таго, як шчыльна зачынiлi гранiцу. Падарожнiчае ў таварняках. Дасканала ведае, як i калi знайсцi адпаведны цягнiк. Ведае, што рабiць, каб не трапiць у рукi чыгуначнай мiлiцыi. Я прапанаваў яму, што забяспечу яму жратву ў знаёмых у Кiеве, калi дапаможа мне дабрацца туды. Той падумаў. Згадзiўся, але на Кiеў цягнiк будзе толькi заўтра ноччу альбо паслязаўтра. Бо пачалi вазiць збожжа. Гэта добрыя вагоны. Цяпло, суха i лёгка схавацца.
Бомж прапанаваў яму супу на сняданак у сталоўцы ў манашак каля царквы. Валера не памятае, каб калi еў смачнейшы булён. Цудоўныя праваслаўныя паслушнiцы ў доўгiх шэрых спаднiцах шчыруюць у садзе. Валера падрадзiўся дапамагчы ў працы ўзамен за начлег у сцёбцы. Яго новы прыяцель таксама прыстроiўся. Праз два днi цяжкай працы i добрага пакормнага харчу яны знiклi ў пашчы ночы.
Падарожжа ў збожжавых вагонах сапраўды было не з самых горшых. Адна толькi бяда. Пропадзь насякомых, мышэй i нейкiх пачварных аваднёў, якiх i назваў не ведаў. Збожжа аднекуль з Казахстана. Бруднае, месцамi вiльготнае. Багата будзе гарэлкi. Вядома, украiнскай - гарнай.
У Кiеве знаёмыя як толькi ўбачылi яго ў кампанii з бамжом - за галаву схапiлiся, падумаўшы, што ўжо цi не канец з iм. Доўга i блытана тлумачыў iм, як трапiў ва ўсю гэтую авантуру. Не вельмi верылi. Але накармiлi, далi апрануцца i грошай на бiлет. Тады толькi рашыўся рызыкнуць на паездку ў Менск. Натуральна, праз зялёную гранiцу. У Менску ў летувiскiм консульстве заявiў пра згублены пашпарт i да ранiцы будзе чакаць якога-небудзь дублiката. Але баiцца вяртацца ў Вiльню.
У яго цёмна-зялёных вачах праз хвiлiну зноў праблiснуў страх. Быццам уся вывергнутая з сябе гiсторыя яшчэ глыбей дала яму ўсвядомiць, што нават тут ён не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Марк адчуў гэты настрой i адразу прапанаваў яму кватэру сваёй цёткi ў Рызе. Можа паехаць туды хоць заўтра i сядзець там хоць паўгода.
Мы выпiлi яшчэ крыху i, заўважыўшы стомленаасць як самой гаспадынi, так i госця, рашылi развiтацца. Паехалi да сябе ў сяло, г.зн. у цэнтр Менска. Было ўжо позна. Калi Марк павольна наблiжаўся да яркага лiхтара каля нашага дома, я папрасiла, каб скiнуў хуткасць. Мужчына ў зялёнай куфайцы, схiлiўшыся да распраўленай на табурэце бляхi, разграбаў нейкiя дробныя каменьчыкi. Што ён такое робiць. Марк усмiхнуўся i пацiснуў плячыма.
XXX
На другi дзень Марк забраў Валеру, каб везцi ў Рыгу. Было далёка папалуднi, пятнiца, канец траўня. Цяпло i сонечна. У такi час я не люблю, а нават i не магу ўседзець дома. Рашыла ўзяць кнiжку i пачытаць у скверы ў цэнтры горада. Тлум шэрых мяхоў, што вярталiся з працы, перакiдваўся з аднаго боку вулiцы на другi. Я назiрала за гэтым гармiдарам вялiкага горада з дзiўным пачуццём iронii i пагарды да працы, iхнiх высiльванняў, iх клопатаў i хваравiтай грымасы незадаволенасцi на тварах.
Нарастала адчуванне нейкай сумесi бунту i эратычнага хвалявання. Пiва ў бляшанцы, якое я прынесла з сабою ў сумцы, пачало знiкаць у прорве цела. Узбуджанасць расла далей, а з ёю i адлегласць да канкрэтыкi гэтага свету.
Як на доказ гэтага настрою - перад маiмi вачыма на суседняй пад'езнай да праваслаўнага кафедральнага сабора вулачцы тры тоўстыя кабеты ў апельсiнавага колеру камiзэлях шчыруюць над цыраваннем выбоiнаў у асфальце. Стаяць з шуфлямi за апушчаным бартом грузавiка, з якога сплывае асфальт. Кабеты раскiдаюць аблепленымi шуфлямi чорныя кавалкi гарачай масы ў дзiркi. Побач абаперты аб лiхтарны слуп мужчына таксама ў камiзэлi. Рукi глыбока ў кiшэнях штаноў з разношанымi каленямi. Прыглядваецца да кабет, кiдае iм нейкiя заўвагi i час ад часу паказвае далоняй месца, куды трэба падсыпаць, дзе падраўняць, паправiць. Калi гара скiнутага з грузавiка асфальту знiкае ў дзiрках дарогi, мужчына з-пад лiхтара ўскоквае ў кабiну катка, якi стаiць побач. Над дашкам машыны пыхкае хмара дыму. Каток ушчыльнае стынучы асфальт. Кабеты перамяшчаюцца метраў на дваццаць далей, куды пад'язджае чаговы грузавiк з чарговай порцыяй гарачай чорнай масы.
Нешта мяне ўнутрана раздражняла. Усе карцiны са струджанымi i 'вызваленымi' жанчынамi, якiх удосыць нагледзелася ў Менску, я датуль прымала абыякава. Жанчыны - вадзiцелькi трамваяў i тралейбусаў. Магутныя матроны на шпацыры з мужчынамi-карантышамi.
Мужчыны - гэта худыя зарослыя здыхлякi з перапалоханымi вачыма, якiя вечарамi ў пасцелi гiнуць у фалдах тлушчу сваiх заможных матронаў. Яны здатныя на ўсё. Размашыста тынкуюць фасад камянiцы на вачах у людзей, ускокваюць на дах тралейбуса, каб сцягнуць вяроўкай пантограф i ступаюць у шкарпэтах па гарачым бляшаным даху. Раззяўленыя вусны пасажыраў уцягваюць рэшткi паветра ў перапоўненай нутробе машыны. Бязвольна чакаюць, як статак транспартаванага быдла. Думаюць толькi, каб дабрацца дадому, пралезцi сярод гораў друзу i пяску, знiкнуць у лесвiчнай клетцы i захлопнуць за сабою абабiтыя дэрмацiнам дзверы прасмердлага гнiлою капустаю памяшкання.
Нянавiсць да бязволля i безруху гэтага свету, прыдуманага мужчынамi, якiя даўно павымiралi ад сiфiлiсу, спiлiся альбо загiнулi на вайне, нарастала ўва мне i вырывалася з-пад кантролю. Раптам так я ўбачыла, што астатнi свет - гэта дзецi мужчынскага полу, выпаўзнi з голенымi галовамi, альбо квадратныя, разапселыя чыноўнiкi без душы, без вачэй, без мазгоў. Часцей прапiтыя наскрозь, чым свядомыя свайго глыбокага заняпаду.
Пiва зрабiла сваё, але на шчасце я не страцiла да канца памяркоўнай стрыманасцi ў ацэнцы беларускага свету. Нейкi скураны байкер з грукатам праляцеў па плошчы, як анёл - вястун надзеi. З гэтага мне хапiла аптымiзму, каб устаць з лаўкi i пакiнуць плошчу. Наважылася пайсцi ўбок Траецкага прадмесця мiма праваслаўнага сабора, унiз. Перайшла вулiцу. Па той бок псеўдастарамесця. Мёртвая частка горада, адкрытая ў сямiдзесятыя гады i пазней, якою мелася адшкадаваць сабе атмасферу разбуранага Менска. Бульвар над каналам. Iду да помнiка, прысвечанага загiнутым салдатам афганскай кампанii. На канале выспа - называюць яе выспай слёз, i там нядаўна збудавана каплiца-звон з жанчынамi ў чорных жалобных хустках, якiя лямантуюць вакол яе.
Пад'язджаюць кавалькады машын, шлюбныя карагоды. Малодухi ў начосах, цокаючы высокiмi абцасамi, у белых вэлюмах i сукенках нясуць кветкi, каб пакласцi iх пад помнiкам-маўзалеем. Помнiк гэты - балючы след савецкага сiндрому 'адказнасцi' за грамадскую справядлiвасць у свеце. Але найбольш уражвае прывязанасць да традыцыi ўскладвання кветак да помнiкаў. У нас у Польшчы гэтага няма. Ну, хiба што маладыя едуць на моглiцы аддаць пашану нябожчыку бацьку цi мацi. А тут у карагодзе вайсковых учтаў жанчына робiцца падданай рытуалу ваенных завядзёнак. Дакляруе свой удзел у чыста мужчынскiм вайсковым жыццi, беручы за яго адказнасць i на сябе.
Узгадалася ашмянская гiсторыя, расказаная мне кiмсьцi ў Менску. Тамтэйшы ксёндз угаворваў маладых, каб замест да помнiка 'адзiнага сапраўднага абаронцы айчыны' ездзiлi на цвiнтар. Калi ўжо iм мусова недзе пакласцi тыя кветкi. Бо гэта ж не каталiцкая традыцыя. Праз некалькi тыдняў яго выклiкалi ў гарадскую ўстанову i параiлi не соваць носа ў дзяржаўнае проса. Вiдаць, уладам забалела, што можна ставiць пытальнiк пад шмат якiмi фiгурацыямi iх iдэалагiчнай рыторыкi. У доўгай размове з чыноўнiкам ксёндз патлумачыў, што хрысцiянiн не можа аддаваць пашаны помнiкам. А гэты помнiк у цэнтры Ашмянаў не звязаны з нiякай смерцю, цi месцам пахавання. Праз некалькi тыдняў яго зноў выклiкалi, i той самы прадстаўнiк улады ветлiвенька пытаецца ў яго, а што айцец пробашч сказаў бы, калi б яны перанеслi людскiя шчэнты з вайсковых могiлак пад помнiк. Ксёндз адрэагаваў толькi шакiраванай мiнай i пакiнуў справу без адназначнага адказу.
Якое ж было ягонае здзiўленне, калi ў першых днях верасня неспадзявана атрымаў запрашэнне на