пабалакаць. Па твары кампаньёна раптам паплыла хваля прыкрасцi i роспачы. Валера зразумеў, што тут да чаго, калi з суседняга пакоя ўварвалася шобла рослых дзецюкоў у скуранках i, заламаўшы яму рукi, павалiла на падлогу. Давай грошы! Праверылi яго партфель i ўсе патайнiкi ў заплечнiку. Валера думаў, што, забраўшы дзвесце даляраў у дробных банкнотах, якiя ён меў пры сабе, яго пакiнуць у спакоi. Бандыты, аднак, не спынiлiся на вобыску. Надзелi яму мяшок на галаву i вывелi з пакоя, забаранiўшы крычаць пад пагрозай лупцоўкi i нават забойства.
Доўга ехалi ў машыне, пасля правялi нейкiм доўгiм калiдорам па прыступках унiз, пасля зноў калiдорам. Папiханаму i штурханаму яму не было калi i як уважлiва разглядаць праз дзiркi ў мяшку, дзе ён i куды яго вядуць. Зрэшты, i без таго ён не ведаў гэтага горада настолькi, каб адважыцца на ўцёкi. Страх нарастаў. Вядуць выканаць свой прысуд. Але за што. У яго ж не было нiякiх даўгоў, у iнтэрасе з калегам год таму назад ён нават страцiў на апошняй здзелцы больш за тысячу даляраў, але яны паабяцалi сабе, што пры нагодзе ўсё кампенсуюць.
Я падумала, што, можа, тут гаворка пра нейкi гандаль зброяй цi наркотыкамi. Калi я спыталася адкрыта, Валера раптам узвiўся на мяне, аблаяў i сказаў, што гаворка iшла пра матэрыялы для прамысловай вытворчасцi машынных дэталяў.
Толькi па паху зарыентаваўся, што ён у сутарэннi. Праляжаў звязаны цэлую вечнасць. Можа, ноч цi суткi. Прасiў пiць. Нарабiў пад сябе. Звязаны, з кляпам у роце, гатовы да ўсяго. Чакаў ужо толькi хiба што хутчэйшай смерцi.
Ён пазiраў на нас, перапыняючы свой расказ доўгiмi хвiлiнамi маўчання. Мне здавалася, быццам ён хацеў падзялiцца словамi малiтвы, якiя вымаўляў у такi драматычны момант. Можа, прасiў лёгкай смерцi, можа, збавення, можа, вады i хвiлiны паслаблення здранцвелым рукам i нагам.
Прайшла цэлая вечнасць, з якой ён выхоплiваў гукi з вулiцы i гарадскога шуму, чыесь неразборлiвыя галасы, дзiцячыя крыкi. Трымаў у памяцi ўсе гэтыя шумы, спрабуючы скласцi нейкi разумны вобраз атачэння. Але чым далей, тым больш усё цямнела, чужынела, жахлiва наблiжаючы да смерцi.
Прайшла чарговая вечнасць, аж наблiзiлiся гукi i прыглушаныя галасы тых, якiя яго звязалi. Уласна, гэта быў адзiн голас, якi ён запамятаў. Не расейскi акцэнт, а нейкi грузiнскi, чачэнскi, хоць, можа, з такiм жа поспехам з Узбекiстана цi Арменii.
У голасе вайсковая хрыпатасць, якая так добра помнiлася з часоў службы ў савецкай армii. Ахрыпласць чалавека, якi перажыў няляда ўсяго ўсякага, скурыў цэлую краму пяпяросаў, выпiў бровар гарэлкi i начворыў такiх рэчаў, галоўная рыса якiх тое, што пра iх трэба як найхутчэй забыць.
Ляжаў тварам на вiльготным бетоне. Калi да яго падышлi, ён умольна застагнаў i заенчыў. Развязалi ногi, знялi мяшок i спыталiся, якога ражна яму трэба. Папрасiў вады i таксама спытаўся, чаго ад яго хочуць. Пачуў смех. Гэта ж бо вiдавочна - чаго. Дзесяць тысяч баксаў. Дзе iх трымае, дзе iх схаваў. Ён зразумеў, як мала вартае яго жыццё. У галаве маланкава прамiльгнуў каталог знаёмых, якiя маглi б пазычыць на выкуп. Пасля некалькiх пытанняў зразумеў, што ягоны калега нарабiў даўгоў, павiнен быў разлiчыцца, але не было чым. I ён рашыў завабiць яго i 'прадаць' як заклад пад неаддадзены доўг.
Зарыентаваўся ў вельмi простай сiтуацыi i прапанаваў патэлефанаваць у Вiльню i папрасiць жонку, каб паслала калегу з грашыма. Захопнiкi пайшлi на такую замену. Забралi яго з сабою ўгору. Выходзiлi з падвала, i яркае святло з калiдора лесвiчнай клеткi ледзь не павалiла яго на падлогу. На момант ён абаперся аб сцяну. Хрыпаты Голас за плячыма ўталкоўваў, што з iм будзе, калi паспрабуе збегчы. I задаў рух ягонаму ўяўленню, сказаўшы, што тут паўным-поўна яго калегаў. Не толькi ў гэтым горадзе, а ў цэлай Расеi i на свеце. Маса карашоў з армii. Такiя ж сама рашучыя, такiя ж сама зацятыя, такiя ж сама гатовыя каго хоч забiць. Са зброi цi голай рукою. Уночы i ўдзень, у натоўпе ў цэнтры горада i на вачах у мiлiцыi. З-за зацемненых шыбаў мерседэса i з бруднага грузавiка. У цягнiку, самалёце, на караблi. Шанцаў - нiякiх.
Можа, Хрыпаты Голас залiшне хвалiўся, але гэтага ставала, каб на некалькi дзён паралiзаваць у ягонай галаве любыя праекты магчымых удалых уцёкаў.
Прайшлi па лесвiцы некалькi паверхаў. У канцы доўгага калiдора дзверы, абабiтыя з сярэдзiны карычневым дэрмацiнам. Iдучы, не бачыў нiкога з насельнiкаў. Цiшыня. Поўны корпус людзей, звычайны блочны дом, якiх у Расеi сотнi тысяч. Адзiн да аднаго падобных. Масква, Пецярбург, Яраслаў, Растоў, Смаленск, Казань? Выбiрай любы, i нiчога iншага не ўбачыш, апроч абабiтых дэрмацiнам дзвярэй, шэрых i смярдзючых лесвiчных пралётаў, падрапаных сцен. Гэты характэрны савецкi пах гнiлое цыбулi, як гаўно немаўляцi. Пах, якi выпаўзае з кожнай савецкай кватэры, з кожнай савецкай кухнi, кожнай савецкай валiзкi на вакзале. Будзь тое Вiльня, Варшава, Амстэрдам, Гамбург, Парыж. Пазнаеш чалавека з постсавецкай прасторы па гэтым задушлiвым паху.
Вялiкiм дасягненнем Летувы ён прызнаваў не факт незалежнасцi, дэмакратыю, грамадзянскiя свабоды, а тое, што праз некалькi гадоў гэты агiдны пах знiк. Зрэдзь-часу яшчэ сям-там прабiваецца, як лiхi ўспамiн, кашмарны сон. Гэты пах варта трымаць у слоiках для будучых пакаленняў. Каб ведалi, што нават калi Саветы перасталi iснаваць, дык iх жахлiвы нячысцiк паяўляецца ўсюды, пакiдаючы па сабе смурод, войны, бяду, беспарадак i жорсткасць звычайных людзей да звычайных людзей.
Валера быў ужо яўна пад уплывам шклянкi гарэлкi. У iм загараўся агонь нянавiсцi да ўсяго, што яго звязвала з гэтымi днямi.
Расказваў далей.
Патэлефанаваў у Вiльню i сухiм тэкстам пераказаў жонцы, што яна павiнна арганiзаваць грошы на добры гешэфт, што ён тут чакае i хай прыедзе калега.
Захопнiкi перавялi дух. Колькi дзён прыйдзецца чакаць. Можа, два, чатыры, пяць. Дамовiлiся, што паслязаўтра перазвонiць, каб праверыць як ўсё iдзе там у жонкi. А яму тым часам дазволiлi зайсцi ў ванную. Ён вымыўся, памыў майткi i штаны. Ахiнуўшыся ручнiком, вярнуўся ў пакой. Сеў побач з Хрыпатым Голасам. Захопнiкi гатавалi сабе абед. Цыбуля, гуркi, кавалкi смажанага мяса. Адзiн з iх сюд-дуд дастаўляў з кухнi на сквiрчастай патэльнi новую порцыю. Заядалi лустамi чорнага хлеба. У шклянках паявiлася гарэлка. Пачаставалi i яго, завялi пустую гаворку. Хрыпаты Голас расказваў пра Чачэнiю. Ён быў там наёмнiкам. А сам з Туркменiстана. Вывучаў ў Маскве лiтаратуру, фiласофiю i псiхалогiю.
Калi выпiлi па дзве шклянкi, Валера рашыў праверыць узровень адукацыi Хрыпатага Голасу. Пачаў з Пушкiна. I тут у яго адвiсла скiвiца. Хрыпаты Голас ведаў не толькi творчасць Пушкiна, але i апошнiя кнiгi гiсторыкаў лiтаратуры. Знехаця расказаў пра псеўдаадкрыццi Юрыя Дружыннiкава, якi фактычна размножыў веды пра расейскiя мiфы, вядомыя кожнаму студэнту-фiлолагу ў Маскве i Пiцеры.
Пасля трэцяй шклянкi Хрыпаты Голас ужо чытаў напамяць Блока i Ясенiна. Трэба прызнаць, што ягоныя калегi з такiм самым подзiвам, як i Валера, слухалi таленавiтага кораша.
Падвечар Валера ўжо хадзiў у прыяцелях. Хрыпаты Голас абяцаў яму нават запiсаць у сшытак свае вайсковыя гiсторыi.
Гiсторыi - як матрошкi. Адчыняеш, а там чарговая. Валера паказаў сшытак. Два вечары засяроджанасцi, i Хрыпаты Голас запоўнiў некалькi дзесяткаў старонак дробнымi, падрабязнымi апiсаннямi. Што нi сказ - то нейкая людская трагедыя, начныя баi, ваенныя оргii, людскi плач i адчай.
Праз тры днi зноў патэлефанаваў жонцы ў Вiльню. Хвiлiна няўвагi бандытаў дала яму магчымасць кiнуць некалькi фраз па- летувiску. Ведаў, што нiхто з прысутных не зразумее. Сказаў толькi, што ў небяспецы, пастараецца ўцячы, а калега з грашыма хай прыедзе, але не з'яўляецца па тым адрасе, пакуль не атрымае ад яе пацверджання, што можна. Пасля гэтага летувiскага прарыву Хрыпаты Голас падскочыў, выхапiў у яго слухаўку, шпурнуў на апарат i сваiм магутным вайсковым кулаком увалiў у твар. Валера залiўся юхаю, кульнуўся на падлогу i ляжаў без руху. Хрыпаты Голас загадаў яму яшчэ раз патэлефанаваць жонцы, растлумачыць ёй, што нехта выпадкова перабiў iхнюю размову, але ўсё застаецца без зменаў, чакае грошай.
Прыехаў Марк. Мы ўсхапiлiся, быццам хацелi даць яму больш месца вакол гiсторыi, расказванай Валерам. Яна выйшла на кухню па гарбату, я коратка ўвяла Марка ў курс Валеравай гiсторыi. Марк увесь ператварыўся ў слых. Валера расказваў далей.
Яму дазволiлi жыць разам з iмi, яны чакалi грошай, ушчыльняючы час гарэлкай, тэлевiзарам, картамi. Адзiн толькi Хрыпаты Голас час ад часу запiсваў у сшытку выдуманыя, а можа, праўдзiвыя баявыя гiсторыi. Валера адпачыў пасля падвала, але ўважлiва аглядаў памяшканне, выгляд з акна, натаваў у памяцi цыкл дзяжурстваў сваiх вартавых. У чацвёртую ноч пасля добрай папойкi Валера ляжаў у ложку толькi ў майтках, побач на падлозе i на канапе спалi тыя. Храплi як на вышках. Яму закарцела ў туалет, i ён цiхенька пакiнуў пакой. На кухнi спаў чацвёрты ахоўнiк. Таксама ў сцельку. Тады маланкава мiльганула думка пра ўцёкi.
Не доўга думаючы, схапiў першыя выпадковыя боты, штаны i свiтар. З-за камоды ў калiдоры ўзяў сшытак з нататкамi i сваю малую сумку, у якой, як выявiлася пазней, не аказалася ягоных дакументаў. I сам