забаўкай, казкай цi байкай на дабранач.
Яна пазбылася страху. Набралася ўпэўненасцi ў сябе. Дзiўна. Але, бадай, магчыма, бо такi яна не павiнна была ашукваць мяне, прыкiдвацца i напускаць на сябе. Я па-ранейшаму бiлася са сваiмi мяшчанскiмi звычкамi да ўдаванага сораму альбо страху.
Аднаго вечара мы сядзелi ў яе ў кватэры, i яна зноў вярнулася да пытання, як пiсала артыкулы пра менскiх прастытутак. Тады яна прапанавала мне прайсцiся па горадзе.
Мы выйшлi з цёмнай брамы яе дома. Скiравалiся ў бок праспекта Машэрава, дзе на шырачэзным тратуары сярод кветнiкаў падсветленыя рэкламы прэзерватываў асцерагаюць пра небяспеку СНIД'у i венерычных хваробаў. Было ўжо добра па дзесятай, i на тратуары сям-там кучкавалiся дзяўчаты, прабаўляючы час цiхiмi размовамi i цыгарэтамi. Штохвiлiны пад'язджалi машыны, з якiх высоўвалiся мужчынскiя галовы, дамаўляючыся i абгаворваючы ўмовы i стаўкi. Дзяўчаты нетаропка, спакойна, ва ўстаноўленым, вiдаць, памiж сабою парадку знiкалi ў машынах i раз'язджалiся па невядомых аб'ектах.
Гэта страшна небяспечна. Яна, запабягаючы маё пытанне, пачала расказваць, што дзяўчаты найбольш баяцца сiтуацый, калi за адным альбо двума аматарамi платнага сексу ў памяшканнi з'яўляецца цэлая шобла, якую трэба ўсю, па чарзе, абслужыць. Найбольш жорсткiя i крутыя прыбыльцы з поўдня, розныя там чачэнцы цi iншыя мусульмане. Шкодай вялiкай, можа, i не пакрыўдзяць, але за такi харавы секс плацяць толькi адну голую стаўку - наогул, гэта 20-50 даляраў.
Пад'язджае мiлiцэйскi патруль. Дзяўчаты ў такiм выпадку хаваюцца ў кавярнi альбо стаяць каля ўваходу ў кiнатэатр. На ўсялякi раз мы таксама праходзiм далей. Тады адна з iх пазнае маю таварышку. Прадстаўляецца. Завуць яе Света, яна вывучае журналiстыку ў тутэйшым унiверсiтэце. Успамiнае iх папярэднюю леташнюю сустрэчу i загаворвае. Артыкул ёй спадабаўся, але крыху завостры. Яна пачынае баранiцца, што, бач, яна не сацыяльная работнiца, што ёй да дупы, якога выбару трымаюцца дзяўчаты. Кожны мае права на тое, што яму пасуе i не шкодзiць iншым. Света дастае пачак цыгарэт i частуе нас. Пачынае наракаць, што калi б не даўгi, дык бы i не заводзiлася, не цацкалася б з усiм гэтым. Сама яна з-пад Магiлева i не хоча вяртацца ў нэндзу сваiх бацькоў. Не мае нiякай таланi на крутую кар'еру, не хапае блату, i таму яна рашыла крыху пасобiць сама свайму лёсу. I ўвесь час дэманстрацыйна гаворыць па-беларуску. Калi я пытаюся ў яе, цi мае час на вучобу пасля такой жылавымотлiвай начной працы, яна з усмешкай адказвае, што нiколi не мела нiякага клопату з навукай. Веды прыходзяць ёй спора, апрача таго сама папiсвае i шмат чытае. Як бы ў доказ таго пачынае чытаць свой новы верш - па-беларуску. Пасля расчаравана разважае пра няўдачлiвасць мужчынскай палiтычнай элiты. Прапускаючы палiтыкаў, даходзiць да высновы, што ў ложку самыя лепшыя - iншаземцы, мабыць, хацела зрабiць мне прыемнае, здагадаўшыся, што я полька, i расказала пра некалькiх палякаў, якiя мала што добра плацяць, кормяць i пояць, дык яшчэ пад канец патрафляюць i ў ручку збусяць. Нiколi не таргуюцца, заўсёды дадуць якi-небудзь прэзент i завязуць дамоў. Крышку шакiруе, што занадта педантычныя. Адзiн, напрыклад, кожнага разу надзявае два прэзерватывы. А яна ж рэгулярна наведвае гiнеколагаў i не дазволiла б сабе пайсцi з клiентам, калi б што-небудзь падчапiла.
Вяртаемся дамоў. На цёмнай лесвiчнай пляцоўцы таўкуцца госцi iнтымнага агенцтва.
Увайшоўшы ў пакой, яна прапануе мне гарбаты. Здымаю боты. Сядаю, падкурчыўшы ногi, на тапчан i бяру з палiчкi адзiн з нашых агульных камянёў. Гладжу пальцамi шорсткую i халодную паверхню.
XXVI
Тое ж бо яе захапленне Генры Мiлерам... Нават тэкст, здавалася б яе ўласны, - бачу, што паявiўся пасля чытання шмат якiх мiлераўскiх фантазiй i душаразладных споведзяў.
Цяпер хочаш па-просту апраўдаць гэту любоў, надаць ёй хоць бы цень сэнсу i, вядома ж, падпарадкаваць яе сваёй волi. У Тваiм унармаваным свеце - планаў, мараў, прадугледжаных i непрадбачаных спатканняў - тая любоў з'яўляецца так неспакойна i застае Цябе знянацку. I ты мусiш, альбо папросту лiчыш, што мусiш, яе цугляць. А тым часам яна вырываецца. Бо прыйшла без Тваёй волi. Жыве i цешыцца жыццём. Сама ў сабе. У Тваiм целе i душы i робiць з Табою, што хоча. Як дэман з малiтвы заклiнача д'ябла. На самым пачатку Ты бавiлася ёю - было цiкава i цiкаўна, але што паробiш з ёю цяпер, калi яна будзе развiвацца далей? Сваiм бездакорным заходнiм розумам задаеш пытаннi. I сама ўпадаеш у нерат розуму, якi вышэй за Цябе. Цi ўтрымаеш яе пры жыццi? Што за неадпаведнасць. Ты ж бо яе не кормiш, яна жыве i даводзiць Табе, што так яно й след. Насуперак той д'ябальскай i людской логiцы. Баiшся i ведаеш, што калi яна разальецца, будзе Табе вой як блага, выглядацьмеш чыстай iдыёткай, подлай... Таму якраз у глыбiнi душы ты i маеш надзею, што неяк усё абыдзецца, i любоў твая мiнецца.
Застаешся з ёю вызваленая i застаюцца з Табою прызнаннi, жалi, прэтэнзii, скугла, просьбы пра спачуванне i мальбоны за дапамогу.
Мой спеў у гэтую хвiлiну шэлега не варты. Якi б ён нi быў той верш, тая песня, якая б нi была музыка i патэтычная псальма. На нiшто ўсе мае намогi. Мала таго, навокал iншыя сваiмi песнямi, сваiмi вершамi памнажаюць багаццi вопыту. I бачу, як нямы глядач: у скрусе перад Усявышнiм i ўсведамляючы, што ў сваёй слабасцi не патрапляю дараўнацца хоць бы з найменшай страфой Ягонага прарока, запiсанай у псальмах. Узбагачаць iншых, чытаючы ўсю эпоху, змешчаную ў змаганнях з ворагамi нейкага караля цi князя з пракаветнай гiсторыi Iзраiля.
Узношу хвалу Ўсемагутнага,
i ты ўратуешся!
Лiся, песня мая!
Спявай, майстар-будаўнiк!
Спявай, шчаслiвы творца!..
... Хто можа падкапаць, знiшчыць веру? Хто можа абвалiць радасць? Многiя спрабавалi зрабiць гэта ў розны час, але нiчога ў iх з таго не выйшла. Радасць i вера - гэта iманентныя рысы Сусвету. Хоць у працэсе ўзрастання заўсёды спадарожнiчаюць боль i барацьба. Спаўненне - гэта радасць i поўнiца шчасця. У канцы - супакаенне. Памiж палосамi i сферамi быту, памiж зямным i незямным iснуюць краты i прыступкi. Хто ўспаўзае па iх угору, той спявае. Упадае ў п'яны транс, стан даброцi i даходзiць да захаплення перад расхiнутымi перад iм даляглядамi. Падымаецца, не думаючы, што з iм зробiцца, калi пакаўзнецца i ўпадзе; думае пра тое, што ўсё перад iм! Думае пра тое, што ўсё перад iм! Дарога ў бясконцасць - а чым далей памкнешся, тым даўжэйшай робiцца. Балоты, багны, дрыгвянiшчы, вiры, прорвы i пасткi - усё перад табою. Памятай пра iх, яны чакаюць, яны цябе паглынуць у тую самую хвiлiну, як толькi ты на момант прыпынiшся. Свет iлюзiй - гэта яшчэ не да канца ўпакораны свет. Гэта заўсёды свет прыйшласцi, будучы свет, а не таго, што сышло ў нiвеч. Iсцi наперад, абапiраючыся на мiнулае - гэта валачы на нагах цяжкiя нявольнiцкiя гiры. А хто прыкаваны да мiнуўшчыны, той змушае сябе перажыць яе наноў. Прашу Цябе, не бойся. Пан Бог дасць Табе сiлу, каб ацугляць Тваю слабасць. Тваё цела, дадзенае толькi на момант, ён жа зрабiў яго прыладай спаўнення ў гiсторыi любовi. Ён, укрываючыся ў рэчах i з'явах, гаворыць нам, пераконваючы, што так сапраўды няма ЯГО! Ёсць толькi любоў. Благая i добрая. Любоў чалавека да чалавека. Сярод багнiшчаў, тоняў, пахмурных i непамысных прастораў.
Усе мы вiнаватыя, усе мы злачынцы, вiнаватыя ў вялiкiм злачынстве. Пражываем жыццё без жадання жыць, але патэнцыйна мы ўсе свабодныя i можам перастаць мыслiць пра тое, што ў нас не атрымалася. I таму ўсё ў нас выйдзе, усё нам удасца, на што мы здольныя, што патрафiм. Нiхто не можа ўявiць сабе, якiя гэта сiлы ў нашых руках. Не можам уявiць сабе, што яны бязмежныя. Уяўленне - гэта паклiканне, якое нам робяць, i мы ўспасобiмся стаць перад iм наўпрост насуперак агульнаму перакнанню, што нам не ўдасца. Калi ёсць нешта боскае ў Богу, дык гэта менавiта такое паклiканне i здольнасць стаць перад iм наўпрост.
Калi я гавару мовамi чалавечымi i анёльскiмi,
а любовi ня маю,
дык я - медзь звонкая...
XXVII
Гартаючы старонкi часопiса 'ARCHE', я знайшла апавяданне Адама Глобуса. Дзiўнае стварэнне гэты Глобус. Пераспаў з дзяўчынай. Вядомай, зрэшты, журналiсткай, i тут жа распiнаецца пра свае досведы.
Патэлефанавала Ёй, поўная ўскiпелага ўва мне абурэння, i мы сцялiся ў спрэчцы пра межы iнтымнасцi ў лiтаратуры. Несумненна, мы перш за ўсё пiшам пра тое, што з намi здарылася. Дзелiмся сваiм светам, але ж ёсць крэсы прыстойнасцi. Пiсьменнiк, нават найбольш нявiнны i дурны, альбо той, якi толькi што пачынае змагацца з сабою i сваёй даросласцю, не павiнен апускацца да ўзроўню рэпарцёрскiх прыёмаў бульварнай газеткi. Вiжаванне, вядома ж, мае сваю неадольную панаду, але тут нешта горшае за анахранiчна зразуметую здраду. Гэта так, як калi ў школе хлопчыкi-падлеткi дзеля забавы задзiраюць дзяўчаткам спаднiцу, лапаюць iх у цёмным калiдоры альбо дзеля смеху натыкаюцца на дзяўчат, якiя праходзяць мiма.
Ён не павiнен у такiх дэталях i з такой дакладнасцю паказваць пальцам, што пераспаў з гэтай во дзяўчынай, i ацэньваць альбо заахвочваць да ацэнкi чытача.