другi дзень я iшла мiма каталiцкай катэдры ў Менску. I нечакана ўявiлiся мне розныя вобразы з яе i майго жыцця, якiя акурат у той момант сплялiся на аснове асацыяцый, што паўставалi з паху, формы, святла... Была свежая, здаровая ранiца, каля французскай амбасады чарга людзей па вiзы. Распускаецца зелень, чыноўнiкi спяшаюцца да сваёй офiснай гультайшчыны.
Валакуцца па магазiнах бабы, з яркiмi ранцамi за плячыма падскокваюць дзецi. На краi тратуара ловяць мжаку распырскванай палiвачкай вады i льснянай нiзка над асфальтам вясёлкi. Цыгаюць цераз струмянi i мокрыя з гуллiвым галёканнем высокваюць на свежа адпрасаваныя штаны кадэбiстаў, якiя спяшаюцца на працу, цi на пракурораў з нэсэсэрамi.
Вясновы гумор вярнуў мяне ў час, калi я здавала экзамены, i цяпер, праходзячы мiма катэдры, я ўспомнiла, як колiсь перад школай забягала ў касцёл.
Я павярнула i зайшла ў халодны бабiнец катэдры. Перажагналася i рашыла з хвiлiну памедытаваць, выклiкаўшы з глыбiнi душы добра знаёмыя прыемныя асацыяцыi, якiя ў лiцэйскiя гады акрылялi i давалi надзею на скарэнне свету. Чаму касцёл так моцна асацыiруецца намi з занядбаннем цела i ўсёй яго змрочнасцi?
Калi ў адзiн снежаньскi вечар я зацягнула яе ў катэдру на канцэрт латышскага хору, яна расказала мне гiсторыю свайго ўпадабання да каталiцызму.
Я здзiвiлася, што яна не ўхваляла сваiх праваслаўных каранёў. А можа, гэта не толькi выбар, можа, нейкае вяртанне. Да той традыцыi ў сям'i, якую паспяхова шмат гадоў з яе выцiскалi. Яна прызналася мне тады, што, хоць мала молiцца i рэдка заходзiць у касцёл, але тут у каталiцкай катэдры пачуваецца лепей, чым у царкве. Калi хадзiла ў апошнi клас сярэдняй школы, з класам паехалi на экскурсiю ў Нясвiж. Там настаўнiк неафiцыйна i па-за праграмай завёў iх у мясцовы касцёл. У старадаўнiм памяшканнi яна першы раз убачыла ксяндза ў сутане, старэйшага пробашча. Яны агледзелi крыпт з трунамi i парэшткамi Радзiвiлаў. Гэта быў для яе сапраўдны цывiлiзацыйны шок. Дакранулася да свету, якi сядзеў у ёй недзе глыбока падыспадам, як сум па стагоддзях i вяках, як вернутая памяць, як працяг забытай легенды. Нягледзячы на страчаную здольнасць некалькiх тутэйшых пакаленняў да камунiкацый з продкамi i iхняй гiсторыяй, нешта немiнушчае, вечнае нагадвае, што незалежна ад знешняй часовасцi i праху мiнулых шчэнтаў, замкнутых у цынкавых дамавiнах, нехта i далей пануе i ёсць прысутны. Гэта не толькi княскiя радзiны, але i намацлiвае адчуванне сапраўднай гiсторыi прывяло яе да рэлiгii.
Яна рашыла праз некалькi тыдняў вярнуцца ў Нясвiж адной, каб мець час на нешта, для чаго яна не знайшла таго разу нiякага наймення. Прыехала на пачатку вакацый i спатканаму раней на школьнай экскурсii старому ксяндзу без лiшяга роздуму прызналася, што хоча ахрысцiцца. Ксёндз даў ёй катэхiзм, сказаў навучыцца iсцiнаў веры i прыехаць праз два месяцы. Яна старанна вывучала ўсё падчас вакацый, нарабiўшы сенсацыi на ўвесь дом. Мацi з праваслаўнай сям'i i няверная камунiстка напачатку незадаволена крывiлася. Затое бацька, якому раптам успомнiлiся з дзяцiнства бабулiны каталiцкiя малiтвы, глядзеў на яе самастойны выбар з кепска прыхаваным подзiвам.
Хрост адбыўся 15 жнiўня, i вярнулася яна пасля яго шчаслiвая i акрыленая, нiбы нарадзiўшыся для новага жыцця. Аднак пазней захопленасць прытухла, калi яна аднаму ксяндзу наiўна адказала на пытанне пра кантрацэпцыi i адносiны з жанатым мужчынам. Ён прагнаў яе са спавядальнi, i яна на некалькi гадоў паспяхова забылася пра свае рэлiгiйныя патрэбы.
У той снежаньскi вечар яна прызналася мне, што ў яе жыццi з'явiлася нешта накшталт тугi, перамяшанай са страхам нерад Нiчым. Назойлiвая думка пра недахоп асноваў у жыццi схiлiла яе да размовы з ксяндзом, якi выйшаў за рамкi лiтургiчных фармулёвак i мала што не прымусiў яе да споведзi, якая закончылася адпустам грахоў. Калi яна расказвала мне пра гэта, мы якраз ляжалi ў ложку, i я недаверлiва спыталася, цi не расказвала яна ксяндзу таксама i пра наш грахоўны цялесны саюз. Яна пырснула смехам i сказала, што я дробязная.
Так, яна мае рацыю, але не ведае, як у нас у Польшчы ксяндзы ўмеюць утаптаць iнтымнасць у сямы сяродак споведзi. Мая прыяцелька аднаго разу выбралася ў Чанстахову i расказала, як ксёндз задыханым голасам выпытваў у яе ў канфесiянальнай будцы пра ўсе падрабязнасцi анатамiчных зносiнаў. Калi настырнымi пытаннямi ён дачлапаў да самага аргазму, яна вылiла яму шчырую праўду, што любiць глытаць сперму. Ён там за краткамi бурчаў i не верыў, але калi яна ўжо з iронiяй i як бы на злосць закiнула пра анальныя фiгурацыi, ён бязрадна ўздыхнуў i замоўк. Яна падумала аж, цi не самлеў небарака. Заглянула да яго ў канфесiянал, каб пераканацца, што яшчэ жывы. Ён толькi мiладушна ўсмiхаўся i тэатральным шэптам папрасiў, каб выйшла з касцёла. Пры гэтым бездапаможна махаў рукамi, як купец на рынку, паказваючы, што ўжо анiяк больш не можа нiчым паступiцца ў цане.
Яна тым часам тут у Менску сустракае талеранцыю, якая заходзiць так далёка. Аж мне верыць не хочацца. Мусiць, нафантазiравала на агульнасцях i недамоўках. Рыхтык, бы ў царкве.
XXII
Пасля я сустрэлася з Вiктарам, якi запрасiў мяне ў кавярню. Сядзiм, забаўляемся рознымi пагудкамi, аж тут Вiктар успомнiў, што яго запрасiлi на лiтаратурную канферэнцыю. Прапанаваў мне пайсцi з iм у 'Цэнтр Францiшка Скарыны'. Гэта непадалёк.
Заходзiм у стары паўразвалены дом блiз цэнтра, усярэдзiне пах гнiлiзны i плеснi. Дошка ў калiдоры горда азнаямляе, што гэта сусветны цэнтр беларусiстаў. Але сусветнае ўражанне робiць на мяне толькi прафесар Мальдзiс. Нiзкi, сiвы мужчына з квадратным тварам, дасканала дапасаваным да прафесарскiх акуляраў. Гаворыць, шапялявячы, але бярэ слухачоў сваёй добрай беларускай i тым, пра што гаворыць. Я пад вялiкiм уражаннем ад гэтага чалавека. Ягоны выступ завяршае канферэнцыю. Праз хвiлiну ў гармiдары цыцастая Люба, гаспадыня гэтага храма навукi, згортвае са сталоў паперы i камандуе, дзе паставiць талеркi з не дужа эстэтычна пакроенай садавiнай, хлебам i каўбасой.
Выпiлi па кiлiшку, i атмасфера перастае быць напятай i навуковай. Я слухаю Мальдзiса i ягоныя ўспамiнкi пра Караткевiча, славутага беларускага пiсьменнiка, з якiм Мальдзiс некалькi разоў пабываў у маiм родным Кракаве. Некаторыя параўноўваюць Караткевiча з Крашэўскiм, з той рознiцай, што беларускiя старажытнасцi сягаюць часоў выбарных каралёў, ад Батуры да Панятоўскага, павязаных рамкамi гiсторыi Гораднi. Кракаў па-ранейшаму застаецца для iх месцам традыцый, нейкай мерай, сiмвалам, кропкай адлiку. Таму яны з такой ахвотай ездзiлi туды ў семiдзесятых гадах на розныя лiтаратурныя ды фiлалагiчна- гiстарычныя канферэнцыi. Потым, напэўна ж асобна, пiсалi даўжэзныя справаздачы ў КДБ. Кожны асобна i ўпотайкi ад другога. Можа, у пэўнай ступенi менавiта таму Караткевiч i дапiўся да смерцi. А цяпер, калi я гляджу на Мальдзiса, як ён спрытна куляе чарговы кiлiшак прыгатаваных налiвак, дык бачу, што так яно i мае быць. Беларуская меланхолiя ўкiдае чалавека ў абдымкi запалу, якi вызваляе ад жалю, смутку i манатоннасцi.
Мальдзiс расказвае, як аднаго разу Караткевiч канечне хацеў правесцi ноч на вежы Марыяцкага касцёла. Узяў туды з сабою некалькi пляшак беларускай гарэлкi i цэлую ноч бяседаваў з сiгнальшчкам- гэйналiстам, забаўляючы таго гiстарычнымi расказамi. Абодва, здаецца, пад ранiцу заснулi на падлозе. Як сцвярджае Мальдзiс, першы раз у гiсторыi гэйнала на другi дзень ранiцай у Кракаве не гучаў сiгнал славутай трубы. Прафесар, аднак, не мог сказаць, цi звольнiлi таго гэйналiста з працы, як сянкевiчаўскага лятарнiка.
Расказаў ён таксама гiсторыю, як на Караткевiча напусцiлi цыганку, каб яна яму наваражыла, што ён будзе вялiкiм пiсьменнiкам. Колькi ж бо грошай марна ўбухаў тады шакiраваны Караткевiч? Альбо як ён уцягнуў у забаву выпадкова сустрэтую расейку ў бiблiятэцы Чартарыйскiх. Падбухторылi яе, каб падышла да Караткевiча, якi чакаў пад помнiкам Мiцкевiчу i голасам агенткi з Масквы папыталася, што ён тут вырабляе, навошта, каго чакае i каб заўтра ж явiўся ў савецкае консульства для дачы дадатковых тлумачэнняў. Мальдзiс назiраў за ўсiм гэтым з кавярнi ў Сукеннiцах i выскаляўся, а будучы беларускi прарок зелянеў i чырванеў ад прыкрасцi i страху.
Апошнюю гiсторыю прафесар, пасёрбваючы налiвачку, акрасiў доўгiм уступам, як тое яны ў гатэлi 'Cracovia' сядзелi разам з Караткевiчам, побач сюд-туд лётала ладная афiцыянтка, кiдаючы ў iх бок пагардлiвыя позiркi. Ацэньваючы iх па сцiплай вопратцы, яна больш гарнулася да заходнiх турыстаў, амерыканскiх палякаў альбо блiшчастых ад ПНРаўскай мiшуры мясцовых увiшных шалахвостаў. Яны пастанавiлi адмысловым спосабам адпомсцiць ёй. Наступнага дня ранiцай сам Мальдзiс каля столiка заказаў у той самай маладзенькай i павабнай афiцыянткi каву i як бы мiж iншым даверлiва завёў, што, бач, мае пэўную праблему. Бо вось праз некалькi гадзiн прылятае з Амерыкi яго стрыечны брат, якi атрымаў у спадчыну вялiкае ранча ў Тэхасе. А ён яму абяцаў знайсцi жонку i будучую гаспадыню на тую спадчыну, але вось нiчога нiяк не клеiцца. Афiцыянтка ўлёт скемiла, што можа надарыца не абы якая аказiя, i калi абодва з элегантна апранутым i гладка паголеным Караткевiчам увайшлi падвечар у кавярню, яна не спускала з iх вачэй. Ветлiва i вельмi мiла абслугоўвала. Усмiхалася, лiслiвiла i падавала знакi, што ахвотна пагутарыла б з