справах сексу, чытае Генры Мiлера i Бiблiю з роўным захапленнем, спявае харалы на нядзельнай мшы i балады хрыпатых беларускiх бардаў на дымных i п'яных тусоўках. Што ў ёй наймацней ўражвае, гэта нечаканая рэальнасць гэтага спосабу жыцця i адначасова непрыставанасць да постсавецкага краявiду, поўнага пустой папяровай поп-культуры. Абаяльнасць - гэта яшчэ напэўна ж не каханне. Таму я разбiраюся са сваёй дваiстасцю - патрафiць сабе любоўю з Маркам i дацца ўладзе жарсцi ў стасунках з ёю. Зусiм не з прычыны эратычнай натуры цi оргiястычных iнстынктаў. Гэта, можа, блiжэй да зносiнаў з 'fascinans', як сон дзiцяцi, поўны нерэальнай матэрыяльнасцi, калi яно, атрымаўшы вельмi жаданы гасцiнец, засынаючы ў абдымках, гладзiць, тулiцца. Гэта як бы спраўляць мiстэрыю прыўлашчвання свету i па сваёй волi дзялiцца iм - у яго матэрыяльным вымярэннi.
Я трымаю цяпер яе за руку i не ведаю, цi было б тое праўдаю, калi б прызналася ёй у каханнi. Напэўна, мы выбухнулi б смехам, бо гэта толькi частка праўды. Бо ля вытокаў нашай дружбы ёсць адкрыццё чароўных светаў, iх блiзкасць i спосаб прыёму матэрыi, адчування, дыхання, сузiрання.
Я гляджу на яе распраменены ў халодным красавiцкiм сонцы твар. Прымружваем вочы. Шчасце наша, што ўдаецца схавацца ад банальнасцi жыцця i што ёсць яшчэ ў нас дастаткова ггарту, адвагi i рашучасцi, каб дапасоўваць вакольны свет да факту нашага iснавання.
XX
Яна запрасiла некалькi асобаў да сябе на хату. Я падыходжу да дзвярэй i чую ўжо гоман усярэдзiне. Гарачая гаворка, павышаныя дзявочыя галасы, фамiльярна- грубаваты мужчынскi смех. Званю. У дзвярах адна з яе прыяцелек Света. Вiтаемся, i яна ўцягвае мяне ў самую сярэдзiну забавы. Коля расказвае анекдоты пра новых расейцаў. На тапчане раскошна расклалася, як котка, Аня. У яе ў нагах у пазiцыi лотаса задуменны Вiктар. Некалькi дзяўчат, якiх яшчэ не ведаю.
У тытунёвым тумане точыцца музыка Майлса Дэвiса. Хлопцы пацягваюць гарэлку, запiваючы бярозавiкам з пяцiлiтровага слоiка. У дзяўчат у руках шклянкi з чырвоным вiном.
Каця распавядае гiсторыю сваёй сяброўкi. Яна юрыстка, якой трэба прайсцi пераатэстацыю ў пракуратуры. Некалькi месяцаў яна вяла зацяты бой з шэфам раённай пракуратуры, якi, як пляткарыць цэлы Менск, мае звычай усiх жанчын, службова яму падначаленых, прапускаць праз свой ложак, у каморцы кабiнета альбо на службовым стале. Як дзяўчына прывабная, маладая юрыстка адразу трапiла ў поле яго цiкавасцi. Спачатку намёкi былi толькi назойлiвыя. Пасля зрабiлiся агрэсiўнымi i перайшлi ў адкрытую правакацыю i брыдкiя славесныя прапановы. Яна адчувала сябе то заклапочанай, то няўпэўненай, а пазней толькi зацкаванай. I тут з яе жаночага цела раптам вынырнула мужчынская прырода драпежнiка i чалавека вайны. Яна рашылася на цвёрдую канфрантацыю. Адмова сужыцця - дэманстрацыйная i адназначная - вызвалiла ў шэфе агрэсiю. Ён на кожным кроку даводзiў ёй, што яна бяздарная няўмека, няздара, i пасада пасля стажыроўкi ёй не свецiць нiякая. З яго сувязямi i магчымасцямi ў Менску такое было верагодна. Але яна рашыла баранiцца. Збудавала цэлую сiстэму хiтрых барыкадаў i завалаў. Працавала iнтэнсiўней, чым яе калегi. Шмат працы забiрала дамоў. Сядзела начамi. Некалькi разоў публiчна даказала большую абазнанасць у правiлах i прадпiсаннях, чым сам шэф. Рамкi iх супрацьстаяння, уся арэна бiтвы сталася вiдавочнай усiм супрацоўнiкам. За яе 'балелi' ў гэтым няроўным паядынку, i праз некалькi месяцаў перманентнага стрэсу яна выйграла. Атрымала лепшую пасаду ў больш высокай iнстанцыi, а прапановы працы ўжо сягалi па-за магчымасцi супрацьдзеяння начальнiка. Разышлiся як у тыповым амерыканскiм фiльме. У апошнi дзень яна надзела найбольш сексуальна прынадную спаднiчку, якую толькi мела, зрабiла кiдкi макiяж, надушылася добрай парфумай, якая ўзмацнiла яе правакацыйную ўпэўненасць у сабе. Выходзячы з яго кабiнета, яна зведала, бадай, цi не найбольшую ў жыццi эратычную сатысфакцыю. Адчувала на сваiх стацях яго лiпкiя i галодныя вочы. Як моцна павiнен быў ён высiльваць сваю прытупленую лёгкiмi здабычамi фантазiю, каб усвядомiць, як бы яно тое магло быць, калi б мацаў яе пальцамi.
Аня глядзiць на Кацю, на мяне, на Свету i, размашыста жэстыкулюючы, даводзiць апавядальнiцы, што Святлана Алексiевiч, аўтарка 'Чарнобыльскай малiтвы', якраз пiша кнiжку пра любоўныя афёры i скандалы ў Менску - ёй мусова трэба прадаць такую пiкантную гiсторыю.
Яна адчувае, нiбыта гэтая аповесць мела быць чарговай крэпасцю альбо помнiкам неахаванай цноты большасцi ўпакораных i затурканых дзяўчат, якiя з наiўнай прастадушнасцю хутка аддаюць сваё цела многiм мужчынам, не зважаючы на тое, што шмат каго з iх ад самай хвiлiны спаткання i першага цалунка точыць чарвяк знуджэння, борзда паглынаючы найбольш высакародныя парываннi i мары пра сапраўднае каханне.
Аня прывыкла гаварыць нам, што секс - гэта яшчэ не повад для знаёмства. Аднаго разу яна так адрэзала аднаму байкеру, з якiм толькi што пазнаёмiлася i якому дазарэзу зарупела паўтарыць казачную ноч.
Света перабiла Аню i адказала гiсторыяй, як яна не магла адчапiцца ад настырнага хахаля. Яму мала было таго, што яна не прыходзiла на прызначаныя спатканнi, што ў канцы сказала яму, быццам спiць з iншым. Ён быў паслядоўны i цвёрда руляваў да мэты. Нарэшце ёй прыйшло ў галаву, i яна патлумачыла яму, што не можа быць з iм далей, бо ўступiла ў рэлiгiйную секту, якая вымагае ад яе цноты. Падзейнiчала. Хлопец уважлiва агледзеў яе прамянiстыя, радасныя вочы неафiткi i адчалiў.
Гаспадыня кватэры заняла зручнае месца каля Дзiмы - менскага барда, якi паглынаў мора гарэлкi i спяваў па-беларуску балады ў стылi Высоцкага. Пашарпаны, ахрыплы Дзiмаў голас патрапляе ўвесцi нязвыклы настрой на любой iмпрэзе. Цяпер, зацягваючся дымам танных цыгарэт, ён самазабыўна ёй нешта тлумачыць, для большай пераканаўчасцi трымаючы яе за далонь. Нiбы хацеў у доказ праўдзiвасцi сваiх слоў паказаць свае стыгматы на згiне запясця цi на пажоўклых ад тытуню нязграбных пальцах. Я адчула балючы прыступ зайздрасцi. Зноў вярнулася да мяне тая хвiля з пiццэрыi, калi я старалася ўразумець, у чым прычына такой рэўнасцi. Маё рупнасць дала незвычайны плён. Праз нейкi момант, калi яны ў разгары цiкавай балбатнi трымалiся за рукi, у мяне мiльганула подумка, што мне якраз не хапае менавiта той грубасцi, якая яе прыцягвае ў хлопцах. Шмат дзяўчат паддаецца зачараванню, калi яны бачаць дыспрапорцыю памiж духам, iнтэлектам чалавека i яго нязграбным, брыдкiм целам. Далiкатная бабская натура цягнецца да гэтага, як дасведчаны розум да сферы profanum. Гэта траха як з павабнасцю сiлы каня, калi натуральны пах поту, стайнi, дотык грывы i паралiзуючая велiчыня спрычыньваюць нявысветлены выкiд адрэналiну ў арганiзме.
Я бачу, як у запале размовы Дзiма прыцiснуў яе да сябе i абое выбухнулi гарэзлiвым смехам. Я спрабую сiламоц рацыяналiзаваць сваю рэўнасць, але марна. Не вытрымлiваю i ўстаю, iду на кухню. Выцягваю Вiктара на адмысловую размову, каб прыглушыць знерваванасць, якая пачала нарастаць ува мне. Баюся гэтай успышкi ўнутранага разладу, бо часам яна ўвасабляецца ў форму асавелай дзяўчынкi-падлетка, узбунтаванай, але напружана прыцiхлай. А ў такiм стане я не люблю сябе яшчэ больш.
Вiктар, мабыць, зразумеў мой узважаны гумар, але з размовы я зрабiла сабе выснову, што ён думае, быццам гэта я хацела быць з Дзiмам i мая ўдаваная задаволенасць - толькi эфект звыклай гульнi дзвюх дзяўчын на хлопца. Такая здагадка развесялiла мяне. Я дазволiла Вiктару пацешыцца, калi ён пачаў знеахвочваць мяне да Дзiмы, нядбала махаючы рукою, даказваючы, што гэта стары балбатун, круцель- муцель i прыброд без роду i племя. Сапраўдны расейскi бомж, валацуга i алкаш, якога немагчыма не любiць, але з якiм трэба трымацца пэўнай дыстанцыi. Дзiма сам з Новарасiйска, бацька яго быў вайсковец, прысланы ў Баранавiчы на службу. Тут Дзiма скончыў школу, паступiў вучыцца ў Менск i на хвалi нацыянальнага адраджэння перайшоў на беларушчыну. Паслядоўна патрыятычны беларускi расеец. Гэта гучыць iдыятычна, але я з iм згаджаюся, што сама па сабе з'ява нагадвае сiроцтва, пры якiм больш заходзiцца пра патрэбу асталявацца ў прасторы, якую мы самi сабе выбiраем. Вiктар расказвае яшчэ падобны прыклад - у БНФ ён ведае аднаго такога зацятага патрыятычнага беларускага армянiна, якi на ўсiх дэманстрацыях iдзе ў першых шэрагах з беларускiм сцягам.
Я закурыла цыгарэту, што здараецца ў мяне досыць рэдка. Вiктар з запалам расказваў яшчэ пра калатню ў Саюзе пiсьменнiкаў. Праз хвiлiну мы вярнулiся ў пакой, дзе ўсе ў падагрэтай атмасферы i ў змроку ўгаворвалi Дзiму паспяваць. Той пацягнуўся па гiтару i ўсiх раскалыхаў моцнымi, гучнымi баладамi пра свае беларускiя сцежкi i сяброўствы.
Я бачыла ў яе вачах зачараванасць Дзiмам. Можа, мне было прыкра не з зайздрасцi, а хутчэй з той прычыны, што я зразумела, - гэты неахайны бард не варты яе дружбы i пакланення.
Калi пад поўнач iмпрэза прыгасла, я патэлефанавала i заказала таксi. Прыехала дамоў, дапiла на кухнi са шклянкi рэшту пiва. Доўга сядзела ў ванне, збiраючы думкi пра Яе. Не магу сабе вытлумачыць, адкуль выцякае крынiца майго захаплення Ёю. Накiнула на разагрэтае i мокрае цела фланелевую начную кашулю. Увайшла ў цёмны пакой, дзе ў цёплым ложку знайшла разаспанае, сонннае цела Марка.
XXI
На