скiраваў каня менавiта туды. Я iмчаўся наўскач i дагнаў яго ўжо каля самай Сядзiбы Цюльпанаў. Мне раптам стала сорамна, i я ўжо вырашыў схавацца, але Джанатан азiрнуўся i ўбачыў мяне.

- Чаго ты хочаш? - строга запытаў ён.

Сапраўды, чаго я хацеў?

- А ты ўпэўнены, што вернешся? - прамармытаў я. Гэта было ўсё, што я мог сказаць.

Пэўны час мы ехалi поплеч, потым спынiлiся, Джанатан выцер з маёй шчакi слёзы i сказаў:

- Не плач, Сухарык. Мы сустрэнемся зноў - я абяцаю табе. Але гэта будзе не тут, гэта будзе ў Наджылiме...

- У Наджылiме? - перапытаў я. - А што гэта такое?

- Я раскажу табе пра гэта як-небудзь iншым разам.

Цяжка апiсаць, як я сумаваў у тыя днi, калi быў адзiн у Сядзiбе Рыцараў, i як марудна цягнулiся днi. Вядома, я даглядаў сваю жывёлу. Я падоўгу затрымлiваўся ў стайнi каля Ф'ялара, а потым iшоў да трусоў i доўга размаўляў з iмi. Калi-нiкалi лавiў рыбу, вучыўся паляваць з лукам i стрэламi, але без Джанатана ўсё здавалася мне бессэнсоўным. Сафiя прыносiла мне ежу, i зноў мы гаварылi пра Джанатана. Я ўсё спадзяваўся, што яна скажа: 'Ён хутка вернецца', але яна маўчала. Вельмi хацелася запытацца ў яе, чаму яна сама не пайшла выбаўляць Орвара, замест таго каб пасылаць Джанатана. Але што пытацца - я ж ведаў прычыну сам.

Як расказваў мне калiсьцi Джанатан, Тэнджыл ненавiдзеў Сафiю.

- Сафiя ў Вiшнёвай Далiне i Орвар у Далiне Дзiкай Ружы - яго самыя заклятыя ворагi, i, будзь упэўнены, ён цудоўна гэта ведае.

- Ён трымае Орвара ў пячоры Катлы, i яму хацелася б кiнуць туды i Сафiю, каб яны абое загiнулi там. Гэты нягоднiк паабяцаў пятнаццаць белых коней таму, хто выдасць Сафiю, жывую цi мёртвую.

Вядома ж, я разумеў, чаму Сафiя павiнна трымацца як мага далей ад Далiны Дзiкай Ружы i што iменна Джанатан павiнен быў пайсцi туды замест яе. Яны думалi, што Тэнджыл нiчога не ведаў пра яго, цi, прынамсi, спадзявалiся на гэта. Але ж быў нехта, хто здагадаўся, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнiк: гэта быў чалавек, якi таемна прыходзiў да нас ноччу, чалавек, якога я паспеў убачыць каля шафы. I гэта вельмi непакоiла Сафiю.

- Той чалавек ведае занадта многа, - сказала яна.

Яна папрасiла неадкладна паведамiць ёй, калi хто-небудзь яшчэ раз суне нос на Сядзiбу Рыцараў. Я сказаў, што чужому не будзе чаго рабiць каля нашай шафы, таму што ўсе тайныя паперы мы перахавалi ў iншае месца, у табакерку, якую паклалi на самае дно меха з аўсом. Сафiя дастала яе i паклала туды яшчэ штосьцi.

- Беражы гэта, я ведаю, што гэта не так проста, але ты абавязаны ўсё зберагчы.

Асаблiва не па сабе мне было вечарамi i ноччу. Мне снiлiся жахлiвыя сны пра Джанатана, i калi я прачынаўся, мяне ахоплiваў непакой.

Аднойчы ўвечары я паехаў да 'Залатога Пеўнiка'. Мне проста немагчыма было сядзець дома ў Сядзiбе Рыцараў, дзе так цiха, што, здавалася, можна пачуць мае думкi, а яны былi не з тых, што падымаюць дух.

Калi я ўвайшоў, усе здзiўлена паглядзелi на мяне, менавiта здзiўлена, таму што я быў адзiн, без Джанатана.

- Вось гэта навiна! - усклiкнуў Джосi. - З'яўляецца толькi палова братоў Львiнае Сэрца! Дзе ж ты дзеў Джанатана?

На гэта пытанне адказаць было няпроста. Я памятаў, наконт чаго мяне папярэджвалi i пераконвалi Сафiя з братам: што б нi здарылася, нiкому не гаварыць, штб рабiў Джанатан i куды ён пайшоў. Нiводнай жывой душы! Не ведаючы, што адказаць, я рабiў выгляд, што не пачуў пытання. Але тут сядзеў i Губерт, яго таксама вельмi цiкавiла, дзе мой брат.

- Дык дзе ж ён? - прагучала пытанне. - Не думаю, каб Сафiя адмовiлася ад свайго садоўнiка.

- Джанатан на паляваннi, - сказаў я першае, што прыйшло ў галаву. - Ён у гарах, палюе на ваўкоў...

Атрымалася даволi ўдала - мае словы былi добрай адчэпкай, бо сапраўды Джанатан неяк гаварыў, што ў гарах паявiлася шмат ваўкоў.

Сафiя ў той вечар не прыйшла, але астатнiя жыхары Вiшнёвай Далiны сабралiся як звычайна. Яны, як заўсёды, спявалi песнi i весялiлiся. Толькi я не спяваў разам з усiмi, без Джанатана мне ўсё было не так, i з гэтай прычыны не хацелася тут доўга заставацца.

- Не будзь такiм сумным, Карл Львiнае Сэрца, - падбадзёрыў мяне Джосi, калi я выходзiў. - Джанатан хутка закончыць сваё паляванне i вернецца дадому.

О, як я быў удзячны яму за гэтыя словы! Ён па-сяброўску паляпаў мяне па плячы i даў з сабой некалькi смачных пiрожных.

- Можаш паласавацца, пакуль вернецца Джанатан, - сказаў ён.

Ён быў добры, гэты Залаты Певень. Пасля яго слоў мне нават стала не так самотна.

Я прыехаў дадому, сеў каля агню i пачаў есцi пiрожныя. Хаця ўдзень i стаяла цёплае вясновае надвор'е, аднак тоўстыя сцены нашага дома яшчэ не прагрэлiся.

У пасцелi было зябка, але неўзабаве я заснуў. У сне ўбачыў Джанатана, але сон быў такi жахлiвы, што я мiжволi прачнуўся.

- Зараз, зараз, Джанатан! - закрычаў я. - Я iду! - У цемры, якая шчыльнай сцяной акружала мяне, я выскачыў з пасцелi. Мне чуўся роспачны крык, крычаў Джанатан! Ён клiкаў мяне, яму патрэбна была мая дапамога. Я зразумеў гэта. Мне хацелася кiнуцца тут жа ў цемру, каб прыйсцi яму на дапамогу, дзе б ён нi быў. Але я разумеў, што гэта немагчыма. Што я мог зрабiць? Не было, пэўна, чалавека больш бездапаможнага, чым я. Мне нiчога не заставалася, як залезцi зноў у пасцель i ляжаць, трасучыся ад страху i адзiноцтва.

Але тым не менш настала ранiца, i пачаўся сонечны, ясны дзень. Цяпер, вядома, было цяжэй падрабязна ўспомнiць, якi страшны быў мой сон, але тое, што Джанатан клiкаў на дапамогу, я не мог забыць. Мой брат клiкаў мяне, дык цi ж я не павiнен быў хоць паспрабаваць памагчы яму?

Гадзiнамi я сядзеў каля маiх трусоў i думаў, што я павiнен зрабiць. Параiцца не было з кiм, не было ў каго спытаць. Трэба было штосьцi вырашаць самому. Я не мог пайсцi да Сафii, таму што яна спынiла б мяне. Яна нiколi не дазволiла б мне, яна была разумнай жанчынай, а тое, што надумаў я, было справай не вельмi разумнай i бяспечнай. Нават вельмi небяспечнай, а я не быў такi смелы.

Не ведаю, колькi я сядзеў, прытулiўшыся да сцяны стайнi i вырываючы траву. Неўзабаве вакол мяне не засталося нiводнай травiнкi. Мiналi гадзiны, i раптам мне прыгадалася, як Джанатан гаварыў, што не трэба баяцца здзяйсняць небяспечныя ўчынкi, iнакш ты не можаш называцца чалавекам, а будзеш проста маленькай дрэнню.

I вось, я рашыўся. Я так ляпнуў кулаком па клетцы з трусамi, што яны падскочылi. Каб быць больш упэўненым у сабе, я сказаў уголас:

- Я зраблю гэта! Я зраблю гэта! Я не маленькая дрэнь!

I калi я рашыўся, стала так лёгка на душы!

- Я ведаю, што мая праўда, - сказаў я трусам, таму што больш не было каму гэта сказаць.

Цяпер яны здзiчэюць. Я выцягнуў iх з клеткi, узяў на рукi, вынес за браму сядзiбы i паказаў iм на Вiшнёвую Далiну.

- Уся Далiна поўная травы, - сказаў я iм. - Тут бегае шмат вольных трусоў, з якiмi вы зможаце падружыцца. Думаю, тут будзе значна весялей, чым у клетцы, але бойцеся лiсы i Губерта.

Трое з iх, здавалася, былi крыху здзiўлены, а астатнiя скакалi вакол, быццам не верачы, што гэта было праўдай. Потым яны паскакалi прэч i знiклi сярод зялёных валатовак.

Я заспяшаўся дахаты, каб сабрацца. Я ўзяў коўдру, каб загарнуцца нанач, крэсiва, каб развесцi агонь, кашолку з аўсом для Ф'ялара, сумку з прадуктамi для мяне. Хаця ў мяне, акрамя хлеба, нiчога не было, але гэта быў добры хлеб, хлеб, якi спякла Сафiя. Я напакаваў хлебам сумку да самага верху. Бо я буду ў дарозе доўга, i калi хлеб скончыцца, мне давядзецца есцi траву, як трусам.

Сафiя абяцала прынесцi на наступны дзень супу, але да таго часу я буду ўжо далёка. Бедная Сафiя, ёй давядзецца самой есцi свой суп, але мне так не хацелася, каб яна здагадалася, куды я пайшоў. Яна, вядома, даведаецца, але даведаецца надта позна, каб спынiць мяне.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату