Недаверлiвы немец захацеў на свае вочы ўпэўнiцца, што гэта напраўду ваўкi; ён асцярожна прачынiў дзверы i адразу заўважыў двух вялiкiх шэрых звяроў, якiя iмклiва рынулiся прэч ад леснiчоўкi.
- Нiколi п не паферыф, - прамармытаў прусак i зноў усеўся на сваё месца ў чаканнi, пакуль згатуецца варыва.
Яны паглыналi яго прагна, як мага шырэй разяўлялi раты, каб ухапiць паболей; у лад разяўленым зяпам ажно выпiналiся круглыя вочы, а ў горле ў iх клекаталi гукi, падобныя на бульканне ў вадасцёку.
Жанчыны моўчкi глядзелi на хуткiя рухi шырокiх рыжых барод; здавалася, бульбiны правальваюцца ў гэтых рухомых зараснiках.
Салдатам захацелася пiць, i леснiчыха спусцiлася ў склеп, каб нацадзiць сiдру. Яна прабыла там даволi доўга. Гэта было невялiкае скляпенiстае сутарэнне; калi верыць чуткам, у гады рэвалюцыi яно служыла i турмой, i сховам. Спускацца туды даводзiлася праз люк у кутку кухнi па вузкай вiнтавой лесвiчцы.
Калi Бэрцiна вярнулася, хiтраватая ўсмешка так i блукала на яе твары. Маладзiца падала немцам збан з пiтвом. Потым i сама разам з мацi стала вячэраць у другiм кутку кухнi.
Салдаты паелi i тут, за сталом, задрамалi - усе шасцёра. Час ад часу чый-небудзь лоб глуха бомкаўся аб стол, i знянацку абуджаны салдат выпростваўся.
- Ды кладзiцеся вы каля агню, хопiць вам там месца ўсiм шасцём. А мы з мамаю пойдзем у мой пакой, - сказала Бэрцiна унтэр-афiцэру.
I жанчыны паднялiся на другi паверх. Было чуваць, як яны замыкалiся на ключ, як хадзiлi па пакоi; потым усё сцiхла.
Прусакi палеглi на падлозе, нагамi да агню, паклаўшы пад галовы паскручваныя шынялi, i неўзабаве ўсе шасцёра захраплi на ўсе лады, - хто пiсклява, хто басавiта, але аднолькава працяжна i страхотлiва.
Яны праспалi даволi доўга, як раптам грымнуў стрэл, такi гулкi, што можна было падумаць, быццам стрэлiлi ў сцяну дома. Салдаты лiхаманкава ўскочылi. I тут зноў бухнула двойчы, потым яшчэ тройчы запар.
Дзверы наверсе расчынiлiся, i на парозе паявiлася са свечкай у руцэ перапалоханая леснiчыха, босая, толькi ў кашулi i ў нiжняй спаднiцы.
- Гэта французы, iх чалавек дзвесце, не меней, - пралепятала яна. - Калi яны знойдуць вас тут, дык спаляць i хату. Хутчэй спускайцеся ў склеп, ды не шумiце! Крый Божа, яны пачуюць вас - тады мы прапалi!
- Топра, топра, - разгублена прашаптаў унтэрафiцэр, - кута мус iсцi?
Маладзiца паспешлiва адчынiла вузкi квадратны люк, i шасцёра салдатаў адзiн за адным таропка сталi спускацца ў склеп па вiнтавой лесвiчцы.
Але як толькi схавалася вастрыё апошняй каскi, Бэрцiна апусцiла цяжкае дубовае века, таўшчэзнае, што сцяна, моцнае, што жалеза, умацаванае на шарнiрах, з турэмным замком, двойчы павярнула ў iм ключ i засмяялася бязгучным, пераможным смехам; яе апанавала вар'яцкае жаданне пайсцi ў скокi над галовамi сваiх вязняў.
Прусакi стоена сядзелi, замкнёныя ў гэтай скрынi, у гэтай моцнай каменнай скрынi, куды паветра сачылася толькi праз закратаваную прадуху.
Бэрцiна ўмiг распалiла агонь, падвесiла над iм саган i зноў узялася гатаваць суп.
- Натомiцца бацька сёння ўночы, - прамармытала яна.
Пасля яна ўселася i стала чакаць. Толькi гулкi маятнiк насценнага гадзiннiка парушаў цiшыню сваiм раўнамерным 'цiк-так'.
Час ад часу маладзiца нецярплiва паглядвала на гадзiннiк, i ў гэтым позiрку можна было вычытаць: 'Ох, як марудна цягнецца час'.
Неўзабаве ёй падалося, што пад нагамi ў яе шэпчуцца. Цiхая, цьмяная гаворка далятала да яе з мураванага сутарэння. Прусакi пачалi здагадвацца, што жанчына абхiтрыла iх, i праз нейкi момант унтэр- афiцэр падняўся па лесвiчцы i загрукаў кулаком у века.
- Атшынiць! - зноў загарланiў ён.
Бэрцiна ўстала, падышла да люка i, перакрыўляючы немца, папыталася:
- Што фам трэпа?
- Атшынiць!
- Мой не атшыняф.
Афiцэр разлютаваўся.
- Атшынiць, алпо мой ламаф цвэры!
Яна зарагатала:
- Ламай-ламай, галубок, ламай!
Ён пачаў дубасiць руляю стрэльбы ў дубовае века, узятае на замок у яго над галавою. Але гэткае века вытрымала б i ўдары тарана.
Леснiчыха пачула, што унтэр-афiцэр спусцiўся назад. Потым усе салдаты па чарзе падымалiся па лесвiчцы, выпрабоўвалi сваю сiлу i вывяралi моц замка. Але пераканаўшыся, што iх намаганнi марныя, яны зноў зграмадзiлiся ў склепе i сталi раiцца.
Маладзiца трохi паслухала iх, потым выйшла з кухнi, адамкнулася i стала ўслухоўвацца ў начную цемру.
Да яе данеслася далёкае гаўканне. Яна свiснула па-паляўнiчаму, i амаль у той самы момант два вялiзныя сабакi выскачылi з цеменi i радасна кiнулiся да яе. Яна моцна ўхапiла iх за аброжкi, каб яны не ўцяклi. Пасля штосiлы крыкнула:
- Эгэй, тата!
Далёка-далёка адгукнуўся голас:
- Эгэй, Бэрцiна!
Яна счакала трохi i зноў крыкнула:
- Эгэй, тата!
Той самы голас, але ўжо блiжэй, адказаў:
- Эгэй, Бэрцiна!
- Не iдзi каля прадухi! - крыкнула леснiчыха. - У нас у склепе прусы!
Нечакана здаравенная мужчынская постаць вырысавалася злева i спынiлася памiж двума дрэвамi.
- У нас у склепе прусы? - занепакоена перапытаў стары. - Чаго гэта iх туды занесла?
Дачка засмяялася:
- Ды гэта тыя, пазаўчарашнiя. Яны заблудзiлiся ў лесе, вось я iх i пасадзiла ў каталажку!
I яна расказала яму ўсю гiсторыю: як яна напалохала iх стрэламi з пiстолi i як замкнула ў склепе.
- Ну i што ж мне, па-твойму, рабiць з iмi цяпер, га? - пахмура запытаўся стары.
- Схадзi па пана Лявiня, хай ён прыйдзе са сваiм атрадам, - адказала дачка. - Ён возьме iх у палон. От узрадуецца!
Цяпер ужо ўсмiхнуўся i стары Пiшон:
- Што праўда, то праўда, узрадуецца.
- Суп гатовы, - сказала дачка. - Iдзi паеш хутчэй дый адпраўляйся.
Стары палясоўшчык сеў за стол i пачаў есцi, паставiўшы спачатку на падлогу дзве поўныя мiскi сабакам.
Прусакi, пачуўшы галасы, прыцiхлi.
Праз чвэрць гадзiны Велягур зноў рушыў у дарогу. А Бэрцiна падперла галаву рукамi i стала чакаць.
Вязнi зноў заварушылiся. Цяпер яны крычалi, клiкалi, бесперастанку шалёна дубасiлi рулямi ў цяжкае века.
Потым яны пачалi страляць у прадуху, пэўна, спадзеючыся, што iх пачуе якi-небудзь нямецкi атрад, калi акажацца паблiзу.
Леснiчыха сядзела нерухома, але ўвесь гэты галас непакоiў i раздражняў яе. Злы гнеў апаноўваў яе; яна гатовая была пазабiваць гэтых падлаў, толькi б яны змоўклi.
Трывога жанчыны ўсё нарастала, яна часта паглядвала на гадзiннiк i нецярплiва лiчыла хвiлiны.
Бацька пайшоў паўтары гадзiны назад. Цяпер ён ужо ў горадзе. Яна быццам бачыла яго там. Вось ён расказвае пра ўсё пану Лявiню, якi бляднее ад хвалявання, звонiць пакаёўцы i загадвае прынесцi мундзiр i