нiкому не падабалася, бо слабое i добра ня вып'еш. Але, калi не было iншага, пiлi, хiба толькi меней. Бо, казалi, вiно не гарэлка, многа ня вып'еш.
- Дык нам чакаць цi што? - папытаўся Ляплеўскi.
- Чакайце, - няпэўна азваўся Снайпер-Iван ужо з панадворку.
Ляплеўскi з Дубчыкам засталiся, дзе сядзелi. Абое курылi i, ня маючы вялiкай ахвоты размаўляць, думалi кожны на свой лад. Ляплеўскi, хоць i ня быў ад прыроды маўчун, але, даўно адарваны ад вёскi, зь вяскоўцамi размаўляў мала. Па-першае, шмат з кiм тое было нецiкава, а па-другое, ён ужо напярод ведаў, што ад каго пачуе. Выключэньне рабiў хiба што за сталом цi за бутэлькай, калi iнакш было неяк. Iншая справа выпiць. Але шкада, што выпiваць нельга было моўчкi, прыходзiлася гаварыць, што заўжды было небясьпечна, асаблiва ў вялiкiх кампанiях. Ды й сам-насам таксама, бо не было нiякай гарантыi, што сабутэльнiк - не падасланы сексот. Вось трохi выпiлi з маўчуном Дубчыкам, але набрыў гэты балбатун Снайпер-Iван, i Ляплеўскi адчуваў: цяпер пачнецца надоўга. Хоць цяпер яго трымала тут ня так жаданьне дабавiць, ня Снайпер-Iван, як навiна, якую той толькi што прынес. Каб на цьвярозую галаву, можа б усё сталася iначай, а на хмельную Ляплеўскi рабiўся надта чульлiвы: старыя крыўды нечакана ажывалi ў ягоных пачуцьцях i рабiлiся амаль неадольнымi. Цяпер ён з трывогай думаў пра Вусава. Найперш - глядзi ты, не баiцца нiчога, калi ў такую пару завiтаў на месца выкрытага свайго злачынства, якое скрозь асуджана i людзьмi, i ўладай. На што разьлiчвае чалавек, якога тут дзясяткi гадоў праклiналi вяскоўцы, якi пакалечыў шмат якiх сем'яў, панiшчыў нямала людзей?
Ляплеўскi ўсё жыцьцё перажываў за старэйшага брата Сяргея, якi першы зь сям'i некалi выбiўся ў людзi i цягнуў за сабой астатнiх. Яго пасьля школы ўладкаваў у настаўнiцкi iнстытут у Воршы, дзе рабiў сам, узяў на кватэру ў сваю каморку ў чыгуначным бараку, кармiў, апранаў i выхоўваў. Выхоўваў, вядома ж, у камунiстычным духу, як i належала сьвядомаму камунiсту-выкладчыку. Вучыцца было нялёгка, не хапала нi харчоў, нi часу, i Сяргей кожны раз, як выходзiла якая пастанова ЦК партыi, раiў брату яе прачытаць, падказваў, якую скарыстаць дадатковую лiтаратуру. I ўсё прывучаў выступаць на сходках, быць актыўным камсамольцам, не ашывацца па закутках, iнiцыятыўна i сьмела паводзiць сябе зь сябрамi, не губляючы, аднак, клясавай пiльнасьцi. Тое ня надта давалася цiхманаму малодшаму Ляплеўскаму, але ён стараўся. У iнстытуце быў членам бюро камсамола, агiтатарам, здаў нормы на значкi ГТО, ГСО, 'Варашьшаўскi стралок'. Разы два яго ўжо выклiкалi на бяседу ў органы, здаецца, мелi штось на ўвазе. Штось, аднак, добрае, нават прыемнае для ягонага лёсу. I ён чакаў.
Але ўсё рухнула аднойчы паўночнай парой. Толькi ён заснуў, змораны над канспэктамi 'Кароткага курсу ВКП(б)', як у шыбiну пастукалi. Сяргея не было дома, якраз за дзень да таго паехаў на вёску памагчы мацi з дрывамi, ну, i прыхапiць сёе-тое з харчу для двух гарадзкiх сыноў. Ляплеўскi адчынiў, у каморку ўвалiлася чалавек шэсьць энкавэдэшнiкаў, паднялi Сяргееву жонку з грудным дзiцём, запатрабавалi гаспадара. Хлопец сказаў, што выкладчыка Ляплеўскага няма дома. 'Где он, говори быстро!' - запатрабаваў галоўны чэкiст з кароткiмi вусiкамi пад носам-бульбiнай. Некалькi часу Ляплеўскi вагаўся, гадаючы, казаць праўду, цi схлусiць. Але не стрываў i сказаў, як было, што брат у вёсцы. На вёсцы тае начы яго i ўзялi. Але ўжо ня той з вусiкамi, а мясцовы ўпаўнаважаны, мардаты бязвусы Вусаў.
Пасьля шэраг гадоў да вайны i пасьля Ляплеўскi каяўся, што сказаў праўду, можа, трэба было паслаць iх у Вiцебск цi ў Менск, - хай бы шукалi, трацiлi час. А самому як-небудзь папярэдзiць брата, можа б i ўратаваўся, калi б зьехалi куды далей. Як гэта некаторыя рабiлi тады. Але што было б самому, калi б тое яго ашуканства раскрылася? I без таго клопату яму хапала, часам ён ажно зайздросьцiў брату, бо той зьнiк невядома дзе; калi жыў, дык, мабыць, яго кармiлi. Як было жыць яму - выключанаму з iнстытуту, без жыльля, без прапiскi, бяз працы. Добра яшчэ, што пасьля некалькiх месяцаў бадзяньня па падстрэшшах i садках у знаёмых, уладкаваўся на чыгунку пуцявым рабочым, атрымаў карткi i нейкi заробак, якi даў яму магчымасьць датрываць да вайны. У вайну трапiў пад акупацыю, ледзьве не памёр ад тыфусу ў роднай вёсцы, пасьля яго загрэблi ў Нямеччыну на Рурскiя шахты... А пасьля вайны? Вэрбаваўся ў Карэла-Фiнскую, вучыўся завочна i толькi тры гады таму выбiўся ў настаўнiкi.
А летась нават прынялi ў партыю.
Ляплеўскi ўстаў ад столiка, усё курачы, падышоў да плоту. Сонца ўжо закацiлася за лясныя нетры, з алешнiку за бульбяным палеткам насоўваўся вечаровы прыцемак, мацней запахла бульбоўнiкам, прыемна павеяла дымком з суседняга комiну. Плечы ў лёгкай сарочцы ўжо ахiнула вiльготная сьвежасьць. Трэба схадзiць у хату ды надзець пiнжак, але гаспадар бавiў час, чакаў пасланца па дабаўку. Дубчык у заношанай шэрай сьвiтцы таксама цярплiва чакаў, падпiраючы худымi плячамi цеплаватыя бёрны сьцяны.
- Дубчык, у цябе хоць з раднi хто застаўся?
- Ды няма нiкога.
- А сястра старэйшая? Клаўдзiяй, здаецца, звалi?
- Дык памерла.
- А малодшая?
- Тожа памерла.
- А Кандрусёва старэйшы сын. Ён жа табе дваюродным братам даводзiўся?
- Таго ў вайну забiлi.
- Дык што ж ты - адзiн?
- Ну, - цiха азваўся Дубчык.
Дубчык i сапраўды жыў бабылём, адзiн у старой хаце, скацiны нiякай ня меў, не трымаў нават курыцы, рабiў у калгасе па спэцыяльнасьцi 'куды пашлюць', еў, дзе што дадуць. Пiў, колькi нальюць, паводзiў сябе цiхмана i непрыкметна. Калi дзе перабiраў, дык там i засынаў - хоць на лаўцы ў хаце, хоць пад кустом у полi. Мужыкi яго недалюбвалi за недаросласьць, а болей за схiльнасьць да дармаўшчыны - у кураве цi выпiўцы; бабы ж нават любiлi - за безадмоўнасьць. Калi дзе што трэба было з мужчынскае працы - напiлаваць дроваў, узьлезьцi на страху да комiна цi выкапаць магiлу нябожчыку, найперш клiкалi Дубчыка. I той рабiў. Пра плату не пытаўся нiколi, ды яму рэдка i плацiлi, - звычайна давалi на бутэльку цi самую бутэльку, якую Дубчык тут жа i выпiваў - з выпадковым сабутэльнiкам. Але i сам пры выпадку не пудлаваў, калi у каго пасьпявала выпiўка. На тое ён меў адмысловы нюх i свайго не ўпускаў нiколi.
Празь якiх паўгадзiны на падворку паявiўся Снайпер-Iван, за iм нетаропка ступаў Саўчанка, якi моўчкi дастаў з кiшэняў пiнжака дзьве паўлiтры, з важнасьцю паставiў на стол.
- Ого! - мiжволi вырвалася ў гаспадара.
- Вось табе i ого! - перадражнiў яго Снайпер-Iван. - Дубчык, а ну, давай, нарвi цыбулi. I гэта - хлеба! Што ў цябе, вучыцель, хлеба няма?
- Хлеб ёсьць. Зараз...
- Дык налiвай!
Пакуль гаспадар хадзiў у хату, шукаў хлеб i надзяваў пiнжак, Снайпер-Iван з Саўчанкам налiлi па шклянцы i выпiлi. Дубчык тым часам нарваў побач на агародзе ладны пук цыбулi. Затым настала iхная з гаспадаром чарга выпiць з тых самых шклянак. У бутэльцы засталося няшмат.
Выпiваць зручна было i стоячы, але каб курыць, мабыць, трэба было сесьцi. На гэты раз за столiкам уладкавалiся Снайпер-Iван з Саўчанкам, гаспадар прымасьцiўся пад грушай, а Дубчык на водшыбе ля вугла, на краi падмурку. Ён не курыў i ў гутарцы амаль ня ўдзельнiчаў. Так, калi запытаюць, адкажа. Але цяпер у яго нi пра што не пыталiся, трое дбалi аб сваiм, i Снайпер-Iван усё ня мог супакоiцца.
- Прыехаў, падлюга! Думае, тут пра яго забылiся. Не, я яму, падлу, таго не дарую...
- А што ты яму зробiш? - спакойна запытаўся Ляплеўскi. - Солi на хвост насыплеш?
- Ды ўжо адпомшчу, сабаку.
- Як? У газэтку напiшаш? - зьедлiва дапытваўся Ляплеўскi. - Вунь адзiн напiсаў, дык з партыi выключылi. За паклёп!
- Не, я пiсаць ня буду! Я яго заб'ю! - нечакана для сябе вырашыў Снайпер-Iван. - А што? Што так гледзiцё?
- Такi рашучы! Глядзi, каб штаны ня ўпалi.
- А i праўда, - стрымана азваўся Саўчанка. - Такому адпомсьцiць - ня грэх. Было ў Сiбiры, аднога вертухая да кедра ў тайзе прывязалi. Празь месяц знайшлi - адзiн шкiлет. Камары заелi.
- Ага, то ў Сiбiры! - з зайздрасьцю вымавiў Снайпер-Iван. - А тут дзе прывяжаш? Свае ж i адвяжуць. Каторыя сексоты.
- Ня ўсе ж сексоты, - цiха зазначыў Ляплеўскi.