захаваннi ўмоў i парадку, вызначаных законам, са своечасовым i поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасцi, а таксама згодна з прыгаворам суда.
Ажыццяўленне права ўласнасцi не павiнна наносiць шкоды навакольнаму асяроддзю, гiсторыка- культурным каштоўнасцям, уцiскаць правы i абараняемыя законам iнтарэсы iншых асоб.
Артыкул 45. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Права грамадзян Рэспублiкi Беларусь на ахову здароўя забяспечваецца таксама развiццём фiзiчнай культуры i спорту, мерамi па аздараўленнюнавакольнага асяроддзя, магчымасцю карыстання аздараўленчымi ўстановамi, удасканальваннем аховы працы.
Артыкул 46. Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе i на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права.
Артыкул 47. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасцi, у выпадку хваробы, iнвалiднасцi, страты працаздольнасцi, страты кармiцеля i ў iншых выпадках, прадугледжаных законам. Дзяржава праяўляе асаблiвы клопат аб асобах, якiя страцiлi здароўе пры абароне дзяржаўных i грамадскiх iнтарэсаў.
Артыкул 48. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права на жыллё. Гэта права забяспечваецца развiццём дзяржаўнага, грамадскага i прыватнага жыллёвага фонду, садзейнiчаннем грамадзянам у набыццi жылля.
Нiхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля.
Артыкул 49. Кожны мае права на адукацыю.
Гарантуюцца даступнасць i бясплатнасць агульнай сярэдняй i прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi.
Сярэдняя спецыяльная i вышэйшая адукацыя даступная для ўсiх у адпаведнасцi са здольнасцямi кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах.
Артыкул 50. Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як нiхто не можа быць прымушаны да вызначэння i ўказання нацыянальнай прыналежнасцi.
Знявага нацыянальнай годнасцi караецца згодна з законам.
Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбiраць мову зносiн. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасцi з законам свабоду выбару мовы выхавання i навучання.
Артыкул 51. Кожны мае права на ўдзел у культурным жыццi. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай i сусветнай культуры, якiя знаходзяцца ў дзяржаўных i грамадскiх фондах, развiццём сеткi культурна-асветных устаноў.
Свабода мастацкай, навуковай, тэхнiчнай творчасцi i выкладання гарантуецца.
Iнтэлектуальная ўласнасць ахоўваецца законам.
Артыкул 52. Кожны, хто знаходзiцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы i паважаць нацыянальныя традыцыi.
Артыкул 53. Кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя iнтарэсы iншых асоб.
Артыкул 54. Кожны абавязаны берагчы гiсторыка-культурную спадчыну i iншыя культурныя каштоўнасцi.
Артыкул 55. Ахова прыроднага асяроддзя - абавязак кожнага.
Артыкул 56. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь абавязаны прымаць удзел у фiнансаваннi дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлiн i iншых плацяжоў.
Артыкул 57. Абарона Рэспублiкi Беларусь - абавязак i свяшчэнны доўг грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь. Парадак праходжання вайсковай службы, падставы i ўмовы вызвалення ад вайсковай службы цi замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.
Артыкул 58. Нiхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якiя не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь i яе законамi, цi да адмаўлення ад сваiх правоў.
Артыкул 59. Дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага i мiжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.
Артыкул 60. Дзяржаўныя органы, службовыя i iншыя асобы, якiм даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыi прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод асобы.
Гэтыя органы i асобы нясуць адказнасць за дзеяннi, якiя парушаюць правы i свабоды асобы.
Артыкул 61. Кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны.
З мэтай абароны правоў, свабод, гонару i годнасцi грамадзяне маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так i матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.
Артыкул 62. Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод, у тым лiку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў i iншых сваiх прадстаўнiкоў у судзе, iншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кiравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганiзацыях, грамадскiх аб'аднаннях i ў адносiнах са службовымi асобамi i грамадзянамi. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.
Процiдзеянне аказанню прававой дапамогi ў Рэспублiцы Беларусь забараняецца.
Артыкул 63. Ажыццяўленне прадугледжаных гэтай Канстытуцыяй правоў i свабод асобы можа быць прыпынена толькi ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становiшча ў парадку i межах, вызначаных Канстытуцыяй i законам.
Пры ажыццяўленнi асобых мер у перыяд надзвычайнага становiшча не могуць абмяжоўвацца правы, прадугледжаныя ў артыкуле 24, частцы трэцяй артыкула 25, артыкулах 26, 31 Канстытуцыi.
РАЗДЗЕЛ III.
ВЫБАРЧАЯ СIСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ
ГЛАВА 1.
ВЫБАРЧАЯ СIСТЭМА
Артыкул 64. Выбары дэпутатаў i iншых асоб, якiя выбiраюцца на дзяржаўныя пасады народам, з'яўляюцца ўсеагульнымi: права выбiраць маюць грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя дасягнулi 18 гадоў.
У выбарах не ўдзельнiчаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымi, асобы, якiя ўтрымлiваюцца па прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волi. У галасаваннi не прымаюць удзелу асобы, у адносiнах да якiх у парадку, устаноўленым крымiнальна-працэсуальным заканадаўствам, выбрана мера стрымання - утрыманне пад вартай. Любое прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у iншых выпадках з'яўляецца недапушчальным i караецца згодна з законам.
Артыкул 65. Узроставы цэнз дэпутатаў i iншых асоб, якiя выбiраюцца на дзяржаўныя пасады, вызначаецца адпаведнымi законамi, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
Артыкул 66. Выбары з'яўляюцца свабоднымi: выбаршчык асабiста вырашае, цi ўдзельнiчаць яму ў выбарах i за каго галасаваць.
Падрыхтоўка i правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта i галосна.
Артыкул 67. Выбары з'яўляюцца роўнымi: выбаршчыкi маюць роўную колькасць галасоў.
Колькасць выбаршчыкаў у кожнай выбарчай акрузе павiнна быць прыкладна роўнай.
Кандыдаты, якiя выбiраюцца на дзяржаўныя пасады народам, удзельнiчаюць у выбарах на роўных падставах.
Артыкул 68. Выбары з'яўляюцца прамымi: дэпутаты выбiраюцца грамадзянамi непасрэдна.
Артыкул 69. Галасаванне на выбарах з'яўляецца тайным: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у ходзе галасавання забараняецца.
Артыкул 70. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскiм аб'яднанням, працоўным калектывам i грамадзянам у адпаведнасцi з законам.
Артыкул 71. Расходы на падрыхтоўку i правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах выдзеленых на гэтыя мэты сродкаў.
Артыкул 72. Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камiсii.
Парадак правядзення выбараў вызначаецца законамi Рэспублiкi Беларусь.
Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становiшча.
ГЛАВА 2.